Гомельскаму актывісту Няпомняшчых дадалі 10 сутак арышту, блогер Філіповіч трымае галадоўку

  • БелаПАН

Уладзімер Няпомняшчых

Гомельскаму актывісту АГП Уладзімеру Няпомняшчых, які адбыў трое сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «Маршы недармаедаў», дадалі яшчэ 10 сутак арышту, паведамляе БелаПАН.

18 сакавіка Няпомняшчых павінен быў выйсьці з ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля адбыцьця трохсуткавага арышту, але ня выйшаў. Дзяжурны ізалятара часовага ўтрыманьня паведаміў, што Няпомняшчых будзе знаходзіцца ў ізалятары да 28 сакавіка. Прычыну ён не патлумачыў, сказаўшы, што не ўпаўнаважаны гэтага рабіць. Як мяркуецца, падчас адбыцьця першага арышту актывіста вывезьлі ў суд, дзе разгледзелі новую адміністрацыйную справу за ўдзел у мітынгу ў Рагачове.

15 сакавіка суд аштрафаваў і пакараў Няпомняшчых трохсуткавым арыштам. Суд тады аб’яднаў складзеныя міліцыяй тры адміністрацыйныя пратаколы ў адзін. Няпомняшчых інкрымінавалі ўдзел у несанкцыянаваным «Маршы недармаедаў» у Гомелі 19 лютага, у аналягічнай акцыі ў Рагачове 12 сакавіка і нібыта за дробнае хуліганства, зьдзейсьненае ім на вуліцы Артылерыйскай у Гомелі раніцай 15 сакавіка. Калі мужчына сабраўся ехаць у Менск на санкцыянаваны мітынг, яго затрымалі ў двары свайго дома з ужываньнем фізычнай сілы і абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

18 сакавіка ў гомельскі ІЧУ прыбылі жонкі відэаблогераў Максіма Філіповіча і Дзьмітрыя Сабурава, таксама арыштаваных па адміністрацыйных артыкулах за ўдзел у «Маршы недармаедаў». Паводле словаў Юліі Філіповіч, яе муж працягвае галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага арышту і галадае ўжо шэсьць дзён.

Блогер Максім Філіповіч

Грамадзянская жонка Дзьмітрыя Сабурава Вольга Ліпская адзначыла, што ў яе перадачу не прынялі на той падставе, што яна не зьяўляецца блізкай сваячкай.

Дзьмітры Сабураў