Юлія Філіповіч, жонка зьняволенага блогера Максіма Філіповіча, сказала Радыё Свабода, што атрымала праз інтэрнэт папярэджаньне ад невядомай ёй асобы з заклікам зьяжджаць зь Беларусі разам з мужам і дачкой.
Вось цытата з допісу: «Уезжай из страны и дочку увози пока всё не уляжется. Макса после 13 суток забирайте. не высовывай нос. Спрячься на время. Это скриншот с материалов дела. Ты грамотная. Сама ответ найдёшь».
Са словаў на скрыншоце можна зрабіць выснову, што зьняволенаму блогеру нібыта спрабуюць паставіць псыхіятрычны дыягназ, выставіўшы яго «квэрулянтам» — хваравітым скаржнікам.
Увечары 13 сакавіка відэаблогер Максім Філіповіч быў затрыманы і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня ў Гомлі. Яго арыштавалі на 13 сутак за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Гомлі 19 лютага.
Пазьней на Філіповіча склалі яшчэ адзін пратакол. На гэты раз — за ўдзел у акцыі «Марш недармаедаў» у Берасьці 5 сакавіка. Пра гэта Філіповіч змог паведаміць сваёй маці праз тэлефон падчас зьняволеньня. Філіповіч кажа, яго «хочуць трымаць у турме як мага даўжэй».