Каму спатрэбіцца кніга «Рэспубліка Беларусь — 25 гадоў стварэньня і зьдзяйсьненьняў»

Аляксандар Лукашэнка на першай інаўгурацыі.

Навошта ўладам спатрэбілася кніга «Рэспубліка Беларусь — 25 гадоў стварэньня і зьдзяйсьненьняў»? Якую месца яна зойме ў сыстэме ідэалягчнай працы? Ці атрымаецца патрэбны ўладам палітычны эфэкт?

Удзельнікі: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Ігар Карней.


Карней: На Нацыянальным прававым партале зьявіўся прэзыдэнцкі ўказ, які рэглямэнтуе выпуск навукова-папулярнага выданьня «Рэспубліка Беларусь — 25 гадоў стварэньня і зьдзяйсьненьняў». Мэта будучай кнігі, якая мае стаць настольнай для ўладных ідэолягаў, — адлюстраваць этапы фармаваньня і ўмацаваньня беларускай дзяржаўнасьці, сацыяльна-эканамічнага і гуманітарнага разьвіцьця, бясьпекі краіны і ўмацаваньня яе пазыцыяў на міжнароднай арэне.

згодна зь лёгікай аўтараў ідэі, адлік 25 гадоў беларускага сувэрэнітэту пачынаецца не ад 1991 году, а ад сярэдзіны 1990-х

Курыраваць працу будзе Нацыянальная акадэмія навук, яе кіраўніцтву даручана сфармаваць аўтарскія калектывы, прыцягваць спэцыялістаў зь іншых рэспубліканскіх і мясцовых органаў. Усе структуры вэртыкалі мусяць забясьпечыць доступ да адпаведнай інфармацыі, а Савет міністраў — гарантаваць бесьперабойнае фінансаваньне і спрыяць у матэрыяльна-тэхнічным пляне.

Экспэрты зьвяртаюць увагу, што рэдка калі кніжнае выданьне, ды яшчэ навукова-папулярнага кшталту, рэгулюецца асобным указам кіраўніка дзяржавы. А значыць, для таго, хто дакумэнт падпісваў, яно бясспрэчна мае стратэгічную важнасьць.

І зразумела: згодна зь лёгікай аўтараў ідэі, адлік 25 гадоў беларускага сувэрэнітэту пачынаецца не ад 1991 году, а ад сярэдзіны 1990-х. Том павінен выйсьці ў 2018 годзе, перад тым як споўніцца чвэрць стагодзьдзя прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Адпаведна, гэта будзе свайго роду пералік дасягненьняў першага і нязьменнага прэзыдэнта Беларусі.

Кідаецца ў вочы, што будуць разьдзелы пра «дзяржаўную палітыку на забесьпячэньне правоў і свабодаў грамадзянаў» ды «асаблівую ролю грамадзянскай супольнасьці ў пераадоленьні цяжкасьцяў, якія стаяць на шляху разьвіцьця краіны». Усе два дзясяткі гадоў рэжым Лукашэнкі калі ў чым і быў стабільны, дык гэта якраз у поўным ігнараваньні элемэнтарных правоў сваіх апанэнтаў. Усё гэта цудоўна бачна ў апошнія дні, калі ідуць масавыя пасадкі абаронцаў Курапатаў ды ўдзельнікаў недармаедзкіх акцыяў.

Усе два дзясяткі гадоў рэжым Лукашэнкі калі ў чым і быў стабільны, дык гэта якраз у поўным ігнараваньні элемэнтарных правоў сваіх апанэнтаў

Пакуль незразумела, у якія грошы стане бюджэту чарговы ідэалягічны шэдэўр, дый наўрад ці калі гэта стане вядома. Але, мяркуючы па размаху «інвэстыцыяў» у падобныя праекты, эканоміць ніхто ня будзе. Так, некалькі гадоў таму на «мадэрнізацыю» афіцыйнага інтэрнэт-парталу прэзыдэнта загадам таго ж Лукашэнкі было выдзелена ў эквіваленце больш за 1,5 мільёна даляраў. Пры тым, што распрацоўку стандартных сайтаў спэцыялізаваныя студыі ацэньваюць у 1,5–2 тысячы даляраў, а ў «максымальнай камплектацыі» кошты рэдка калі перавышаюць 10 тысяч. Не даводзіцца сумнявацца, што тэхнічны бок «напружанай працы» найлепшых дасьледчыкаў краіны будзе ахінуты таямніцай.

Якая патрэба ў чарговым навукова-папулярным трактаце? Я паразмаўляў на гэтую тэму з дасьледчыкам сацыяльна-эканамічных праблемаў гісторыі Беларусі Андрэем Кіштымавым, які больш за 10 гадоў таму стаў ахвярай акадэмічнай чысткі, якую перажыў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.

На яго перакананьне, уладам трэба нівэляваць знакавыя даты, якія могуць зацямніць заваёвы цяперашняга рэжыму. Найперш гэта тычыцца 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, якое дэмакратычная грамадзкасьць будзе адзначаць праз год. Каб нейкім чынам зьнізіць гістарычную напругу, трэба выдумляць іншыя нагоды. У дадзеным выпадку — чвэрць стагодзьдзя стабільнасьці пад Лукашэнкам.

Тым ня меней, як лічыць гісторык, наўрад ці гэтая нагода нават пры ўсім жаданьні ідэолягаў здолее засланіць гадавіну БНР. Да таго ж спроба абгрунтаваньня беларускай дзяржаўнасьці павінна на нечым стаяць. А дзе падмурак незалежнасьці — улады больш як за два дзясяткі гадоў так і не зразумелі. Таму, хутчэй за ўсё, фінал прадказальны: грошы асвояць, расьпілуюць, а вялізны наклад можна будзе бяз жалю здаваць у макулятуру.

Беларуская ўлада спрабуе навязаць сваю ідэалёгію грамадзтву

Глод: У мяне адчуваньне, што гэты «твор» чакае лёс тамоў Брэжнева. Яго расьпіхаюць па бібліятэках. І будуць гэтыя кніжкі абрастаць пылам, бо няма ніякай надзеі, што такая творчасьць стане запатрабаванай. У Беларусі шмат што ўзятае з савецкіх часоў. У тым ліку і адзначэньне ўсялякіх юбілеяў, і выданьне да розных датаў усялякай літаратуры. Часам яна бывае патрэбная, але ў пераважнай бальшыні выпадкаў гэта своеасаблівая макулятура, пра якую загадзя вядома, што чытаць яе амаль ня будуць.

Беларуская ўлада спрабуе навязаць сваю ідэалёгію грамадзтву. Навязаць у тым ліку і праз выданьне патрэбных кніжак. Каб народу тлумачылі ўсе дасягненьні, якіх нібыта дасягнула Рэспубліка Беларусь пад кіраўніцтвам добра вядомай асобы. Такім чынам улады думаюць замацаваць аўтарытэт і самога прэзыдэнта, і камандна-адміністрацыйнай сыстэмы, якую ён стварыў.

Безумоўна, новае выданьне зойме сваё месца ў кабінэтах уладных ідэолягаў. Ігар Карней кажа, што новы трактат стане іхняй настольнай кнігай. З гэтым можна пагадзіцца, але з адной істотнай агаворкай — на стале яна сапраўды будзе ляжаць, але ці будуць яе насамрэч чытаць — вялікае пытаньне.

Але ж на ўслаўленьне Лукашэнкі дзяржаўных грошай не шкада

Паколькі курыраваць працу над выданьнем будзе Нацыянальная акадэмія навук, то можна меркаваць, што гэта будзе сумнае акадэмічнае выданьне з прапіснымі ісьцінамі і ўсхваленьнем дасягненьняў Аляксандра Лукашэнкі. Сумнявацца ў гэтым не выпадае, бо Ігар Карней ужо патлумачыў, ад якой даты пачынаецца адлік 25 гадоў беларускага сувэрэнітэту. Вядома, шкада паперы, працы аўтараў, выдаткаў на друкарню і ўсяго іншага, што звычайна спадарожнічае выданьню такіх юбілейных кніжак. Але ж на ўслаўленьне Лукашэнкі дзяржаўных грошай не шкада.

Карбалевіч: Сапраўды, адразу ж зьвяртае на сябе ўвагу гэтая дата — 25 гадоў. То бок калі лічыць ад моманту стварэньня незалежнай Беларусі, то 25 гадоў ужо прайшлі. Калі казаць пра тэрмін кіраваньня Лукашэнкі, то 25 гадоў будзе ў 2019 годзе. А кніжка выходзіць у 2018-м. Выходзіць, што яна не трапляе ні ў тую схему, ні ў другую.

Я таксама зьвярнуў увагу на пераемнасьць савецкіх традыцыяў. Мне адразу ўзгадваецца такое выданьне, як кароткі курс ВКП(б) у сталінскія часы, дзе кананічныя дактрынальныя высновы зробленыя былі з нагоды дзейнасьці тагачаснага правадыра. Ну, яшчэ можна параўнаць зь нейкімі працэсамі ў Сярэдняй Азіі. Там у Туркмэністане была кніжка «Рухнама», кананічная біблія тагачаснага кіраўніка — Туркмэнбашы.

Мне адразу ўзгадваецца такое выданьне, як кароткі курс ВКП(б) у сталінскія часы

Вось нешта падобнае будуць спрабаваць зрабіць цяпер у Беларусі. Але, мне падаецца, зусім ня ў час, калі паглядзець, што сёньня адбываецца на вуліцы. Ну што ж, кніжка будзе падарункам для нейкіх замежных дэлегацыяў, бібліятэк, будзе дапаможнікам для студэнтаў, якія вывучаюць курс «Ідэалёгія беларускай дзяржавы». Ну, і ня больш за тое. Ня думаю, што для гісторыкаў пры вывучэньні лукашэнкаўскага пэрыяду гісторыі Беларусі гэтая кніга стане сур’ёзнай крыніцай.