Калегі Віталь Цыганкоў і Аляксандар Класкоўскі у артыкулах «Ня трэба шукаць чорную котку ў пакоі, дзе ёсьць толькі Лукашэнка» і «Хапун в онлайне. Действительно ли силовики „подставляют“ Лукашенко?» выступілі супраць даволі папулярнай вэрсіі, што ў атачэньні кіраўніка дзяржавы ёсьць розныя плыні, крылы і што многія падзеі, якія мы назіраем, ёсьць вынікам барацьбы гэтых «ястрабаў» і «галубоў».
У нечым з Цыганковым і Класкоўскім можна пагадзіцца. Найперш у пытаньні канчатковай адказнасьці.
Памятаю, у 1996 годзе, напярэдадні канстытуцыйнага рэфэрэндуму, у Вярхоўным Савеце Лукашэнку задалі пытаньне, хто аўтар праекту Канстытуцыі, які ён прапаноўваў, маўляў, які юрыст мог напісаць такую лухту. «Аўтар — перад вамі», — адказаў Лукашэнка, стоячы на трыбуне.
Адказаў, трэба сказаць, пісьменна і слушна. Сапраўды, ня ён пісаў алоўкам ці шчоўкаў на клявіятуры, ня ён прыдумляў канкрэтныя фармулёўкі. Але ягонай была палітычная лінія дакумэнту і палітычная адказнасьць за яго.
Менавіта ў гэтым Цыганкоў і Класкоўскі, безумоўна, маюць рацыю. Калі міліцыя некага несправядліва б’е і пры гэтым ніякія міліцэйскія чыны не караюцца, нікога зь іх не адпраўляюць у адстаўку, ніхто ніякіх прабачэньняў пацярпелым не прыносіць — так, «аўтар — перад вамі», адказнасьць — на вышэйшай уладзе.
Гэтаксама справядліва, што беларускі ўладны апарат — гэта не заходні парлямэнт, дзе публічна сутыкаюцца прадстаўнікі розных партыяў, дзе публіка можа чуць і бачыць палкую палеміку паміж, умоўна кажучы, «партыяй Макея» і «партыяй Шуневіча». І сапраўды — і блізка таго няма.
Больш за тое, няма ня толькі публічных спрэчак, можна пагадзіцца, што няма там і кардынальных ідэалягічных разыходжаньняў, няма «галубоў», якія хочуць весьці краіну наўпрост на Захад, і «ястрабаў», якія мараць, каб Беларусь была Паўночнай Карэяй. Там усе — слугі гасударавы, там усе абгрунтоўваюць свае прапановы інтарэсамі сыстэмы, часткай якой яны зьяўляюцца.
Але з усяго гэтага зусім не вынікае, што не існуе ў беларускай ўладзе ніякіх крылаў, плыняў, груповак з рознымі падыходамі да многіх пытаньняў грамадзкага жыцьця, што ў кіраўніка няма ніякіх дарадцаў, што няма людзей, меркаваньне якіх ён бярэ пад увагу.
Так, усе чулі словы Лукашэнкі пра «выкалупваньне разынак з булак», і цяжка было меркаваць, што пасьля гэтага людзей за ўдзел у акцыях хапаць ня будуць. А колькі? Да МУС давялі лічбу ці ўсё ж самі вырашалі? Можна ж затрымаць дзясятак або пару дзясяткаў, можна — каля паўтары сотні (як на дадзены момант і ёсьць насамрэч), можна, як мы памятаем з 19 сьнежня 2010 году, і некалькі соцень.
Дык што вызначыла найвышэйшая воля — усё: агульную лінію, агульную колькасьць, каго пэрсанальна затрымаць, ступень рэпрэсіяў? Мяркую, што ня ўсё. Мяркую, што сёе-тое ў межах лініі вырашаў, вызначаў і Шуневіч і яго падначаленыя. Маглі рабіць так, а маглі — гэтак, маглі хапаць менш людзей, а маглі і больш.
Ну і міністар Макей мог заўважыць «Я не хачу сказаць, што затрыманьні абсалютна правільныя», а мог і не рабіць такую заўвагу. Вось ад яго калегі Шуневіча, напрыклад, ніхто такіх заяваў ня чуў.
Адны дзяржаўныя СМІ падчас нядаўняга канфлікту вакол Курапатаў бэсьцілі абаронцаў урочышча, іншыя — казалі, што гэта сьвятыня беларускага народу, адны настойвалі на вэрсіі, што расстрэльвалі там нацысты, іншыя — што НКВД.
І такіх выпадкаў нямала, калі канфлікты ўнутры ўлады праточваюцца нават і ў публічную сфэру. Яны прыхаваныя, яны дапускаюць розныя інтэрпрэтацыі — ну дык а дзе ўладны апарат, уладная каманда публічна спрачаюцца паміж сабой? Вось у Польшчы наконт фінансаваньня Белсату — ці шмат мы чулі публічных дыскусіяў чальцоў ураду на гэты конт? Але дыскусіі відавочна былі, пра што сьведчылі заявы прэм’ера Шыдлы і міністра Вашчыкоўскага, якія супярэчылі адна адной.
Ва ўладнай камандзе ў аўтарытарнай краіны яшчэ менш падставаў чакаць гэткіх публічных сутычак.
За тое, што супярэчнасьці, канфлікты, спрэчкі ёсьць, сьведчаць і тыя выпадкі, калі яны, хоць і ўскосна, праточваюцца ў публічную сфэру, і гістарычны досьвед. Чытана ж мноства кніг, біяграфіяў і аўтабіяграфіяў дзеячоў розных рэжымаў, якія траплялі ў вострыя сытуацыі. І нідзе ўладная сыстэма не была такой, што ёсьць адзін дэміюрг, а вакол яго адно робаты.
І ўсеўладныя манархі, і Сталін, і Гітлер, і Мао кагосьці слухалі, нечым меркаваньнем цікавіліся, розныя людзі ім у вушы рознае даносілі. Скажам, ужо ў 1943 годзе многія набліжаныя да Гітлера людзі вельмі угаворвалі яго заключыць кампрамісны мір (чаго не адбылося), Чжоў Эньлай быў супраць «вялікага скачку» Мао, які потым такі скасавалі.
Людзі — ня робаты, ад іх нешта залежыць. І ад тых, хто выходзяць на вуліцы, і ад тых, хто сядзіць ва ўрадавых кабінэтах.
І што з гэтага вынікае? — спытае чытач. Вынікае, напэўна, што ўлада — не маналіт, што многія рашэньні, якія прымае Лукашэнка, прапаноўваюцца, рыхтуюцца яму людзьмі з рознымі ўяўленьнямі пра тое, што будзе лепш для сыстэмы, а можа і для Беларусі.
Вось цікава ж людзям, хто ж той вынаходнік дэкрэту № 3, графіці малююць з выявамі Шчоткінай і Мясьніковіча. Калі аўтары гэтага шэдэўру эканамічнай думкі ня будуць больш мець таго ўплыву, які мелі, гэта, зразумела, не прывядзе Беларусь да дэмакратыі і эканамічнай свабоды — але гэта будзе горш ці лепш? Здаецца, усё ж лепш.
Ну так, у рэшце рэшт «аўтар — перад вамі». Але ёсьць нюансы. Той самы дэкрэт № 3 аказаўся ня тое, каб зусім ужо няважным нюансам.
Да чаго ў выніку прывядзе гэтая неманалітнасьць улады — невядома, прынамсі, нічога не гарантавана. Але калі разглядаць сытуацыю з пэрспэктывы пераменаў у Беларусі, то маналітнасьць улады — найгоршая ўмова для іх.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.