Як ва Ўкраіне на дзяржаўным узроўні ўшаноўваюць 100 гадоў УНР ці ўкраінскай рэвалюцыі

Украінская Цэнтральная Рада на паштоўцы пачатку XX стагодзьдзя (архіў Украінскага інстытута нацыянальнай памяці)

Пакуль у Беларусі ўлады чыняць рэпрэсіі напярэдадні Дня Волі з нагоды 99-й гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, ва Ўкраіне стварэньне аналягічнай народнай рэспублікі ў 1917 годзе лічаць пачаткам фармаваньня дзяржаўнай незалежнасьці ды ўкраінскага парлямэнтарызму. Гэтую гістрачную падзею адзначаюць на дзяржаўным узроўні.

17 сакавіка ва Ўкраіне пачаліся афіцыйныя ўрачыстасьці, прымеркаваныя да 100-годзьдзя ўкраінскай рэвалюцыі, у выніку якой была створаная Ўкраінская народная рэспубліка (УНР). З гэтай нагоды да ўкраінцаў зьвярнуўся прэзыдэнт Пятро Парашэнка, у Вярхоўнай радзе адбылося ўрачыстае пасяджэньне. Па ўсёй краіне адкрываюцца мастацкія і дакумэнтальныя выстаўкі.

Украінская рэвалюцыя пачалася ў сакавіку 1917 году, калі была створана Цэнтральная Рада — парлямэнт будучай УНР, а завяршылася ў 1921 годзе, калі ва Ўкраіне канчаткова ўсталявалася бальшавіцкая ўлада. Гэтыя падзеі толькі нядаўна пачалі называць «украінскай рэвалюцыяй» як альтэрнатыву «Кастрычніцкай рэвалюцыі», якую выкарыстоўвала савецкая гісторыяграфія.

Украінская народная рэспубліка з 1917 да 1920 году кантралявала тэрыторыі цэнтральнай, усходняй і паўднёвай Украіны. Да сьнежня 1918 году яна кіравалася Цэнтральнаю Радаю на чале з Міхаілам Грушэўскім — менавіта яго і лічаць першым прэзыдэнтам Украіны. Пазьней галоўнымі органамі кіраваньня УНР былі Гетманат і Дырэкторыя. За няпоўныя чатыры гады свайго існаваньня УНР устанавіла дыпляматычныя дачыненьні больш чым з 20 краінамі сьвету.

Мітынг на вуліцах Кіева з нагоды абвяшчэньня УНР. 7 лістапада 1917 году (архіў Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці).



«І Цэнтральная Рада, і Ўкраінская народная рэспубліка, і Гетманат, і Дырэкторыя праклалі той шлях, якім Украіна зараз ідзе ў будучыню. І за гэта мы павінны быць удзячныя такім выбітным постацям таго часу, як Міхаіл Грушэўскі, Уладзімер Віньнічэнка, Павел Скарападзкі, Сымон Пятлюра, Яўген Канавалец, Дзьмітры Данцоў, Яўген Петрушэвіч ды іншыя. І ўдзячныя мільёнам ўкраінцаў, якія ўсьвядомілі свае нацыянальныя і грамадзянскія правы. І больш за ўсё — тым, хто
за незалежнасьць змагаліся са зброяй у руках, хто былі сапраўднымі салдатамі рэвалюцыі, — салдатамі не ў пераносным, а ў прамым сэнсе слова», — сказаў Пятро Парашэнка.

Пятро Парашэнка на ўрачыстых зборах (фота прэсавай службы)


Сучасныя гісторыкі мяркуюць, што паражэньне той украінскай рэвалюцыі было абумоўлена ідэалёгіяй «сацыяльнага папулізму», на якую абапіраліся першыя кіраўнікі УНР. А яшчэ — невялікай міжнароднай падтрымкай, адмовай ад стварэньня свайго войска, але галоўнае, што тады не дало паўстаць украінскай незалежнай дзяржаве — недахоп унутранага адзінства, палітычныя звады, анархія ды атаманшчына. На гэты аспэкт сёньняшні ўкраінскі прэзыдэнт зьвярнуў асаблівую ўвагу, засьцерагаючы палітыкаў ад паўтарэньня гістарычных памылак.

І Цэнтральная Рада, і Ўкраінская народная рэспубліка, і Гетманат, і Дырэкторыя праклалі той шлях, якім Украіна зараз ідзе ў будучыню

«Я яшчэ раз заклікаю ўсе партыі — прадстаўленыя ў Вярхоўнай Радзе і пазапарлямэнцкія, у жорсткай ўнутрыпалітычнай барацьбе, уласьцівай кожнай дэмакратыі, ўзважваць на тыя самыя складаныя зьнешнія абставіны, у якіх мы будуем эўрапейскую Ўкраіну. Хочаце змагацца супраць прэзыдэнта — калі ласка! Вы на тое і апазыцыя. Але Украіна — не разгойдвайце і не падпальвайце! За чатыры гады ўкраінскай нацыянальнай рэвалюцыі мінулага стагодзьдзя ўлада ў Кіеве зьмянілася як мінімум 14 разоў. Каму ад гэтага стала лягчэй? Каму, акрамя Крамля, які атрымаў поўны кантроль над Украінай на цэлых семдзесят гадоў. Таму Масква хоча, каб і цяпер улада ва Ўкраіне зьмянялася б з такой жа рэгулярнасьцю», — перакананы Пятро Парашэнка.

Заклікі не паўтараць памылкі мінулага луналі сёньня і на ўрачыстым пасяджэньні Вярхоўнай Рады з нагоды стагодзьдзя стварэньня Цэнтральнай Рады. У ім узялі ўдзел ня толькі дэпутаты і сябры ўраду, але й грамадзкія актывісты, гісторыкі, прадстаўнікі розных рэлігійных канфэсій, што дзейнічаюць ва Ўкраіне.

«Сёньня, як ніколі, мы павінны засвоіць урокі стогадовай даўнасьці і зрабіць высновы: Украіне патрэбна адзінства, баяздольная армія. Вораг у нас адзін і той самы — маскоўская арда, падступная і сьмертаносная, і мэтады тыя ж — пасварыць, падзяліць, спаліць і зьнішчыць» , - заявіў старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій.

Згодна з указам прэзыдэнта, захады дзеля ўшанаваньня ўкраінскай рэвалюцыі будуць трываць да 2021 года і будуць прымеркаваныя да 100-гадовага юбілею стварэньня першага ўкраінскага ўраду, дыпляматыі і войска.

Музэй гісторыі ўкраінскіх урадаў прадстаўляе вялікую экспазыцыю пра кіраўнікоў урадаў ад 1917 года



«Захады, якія нагадваюць нам пра страшныя ўрокі ўкраінскай рэвалюцыі 1917-1921 гадоў, вельмі важныя для таго, каб мы не паўтаралі тых памылак, якія былі зроблены 100 гадоў таму. Каб не паўтаралі іх ня толькі палітыкі, але і ўкраінскае грамадзтва», — перакананы кіраўнік Украінскага інстытута нацыянальнай памяці Ўладзімер Вятровіч.