Прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка з жонкай і іншыя вядомыя чыноўнікі ўшанавалі памяць герояў Крут, усклаўшы кветкі да памятнага крыжа на месцы іх пахаваньня ў мясцовасьці Аскольдава магіла ў Кіеве.
Раней у нядзелю прэзыдэнт у звароце да ўкраінскага народу ў Дзень памяці герояў Крут узгадаў пра традыцыю ўшаноўваць і сучасных герояў, якія аддалі сваё жыцьцё за сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.
Ён нагадаў, як 29 студзеня 1918 году, неўзабаве пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраінскай Народнай Рэспублікі, маладыя ўкраінцы — старшыны і юнкеры Першай Кіеўскай юнацкай школы імя Багдана Хмяльніцкага, байцы Дапаможнага студэнцкага курэня Сечавых стральцоў — студэнты кіеўскіх ВНУ і гімназісты старэйшых клясаў на некалькі дзён «спынілі прасоўваньне на Кіеў маскоўска-бальшавіцкай арды».
Бой пад Крутамі адбыўся 29 студзеня 1918 году на чыгуначнай станцыі ў сучаснай Чарнігаўскай вобласьці за 130 кілямэтраў на паўночны ўсход ад Кіева. Гэты бой паміж 4-тысячнай бальшавіцкай арміяй Міхаіла Мураўёва ды атрадам з кіеўскіх студэнтаў і байцоў вольнага казацтва, які агулам налічваў каля 400 чалавек, доўжыўся 5 гадзінаў. 27 юнакоў трапілі пасьля бою ў палон да бальшавікоў і былі пакараныя сьмерцю.
У сакавіку 1918 году, пасьля падпісаньня Берасьцейскага мірнага пагадненьня і зь вяртаньнем ўраду УНР у Кіеў, Цэнтральная Рада вырашыла ўрачыста перапахаваць загінулых студэнтаў на Аскольдавай магіле ў Кіеве.
Штогод ва Ўкраіне ўрачыста ўшаноўваюць памяць герояў Крут.