За гомельскіх праваабаронцаў Судаленку і Паплаўнага заступаюцца міжнародныя арганізацыі

Праваабаронца Леанід Судаленка

hato0317 Sudalenka

Напярэдадні судоў над сябрамі гомельскага аддзяленьня праваабарончага цэнтру «Вясна» Леанідам Судаленкам і Анатолем Паплаўным, якія маюць адбыцца ў Гомелі 17 сакавіка, Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў (Францыя) распаўсюдзіла адмысловы зварот.

Праваабаронца Анатоль Паплаўны

Ён адрасаваны прадстаўнікам беларускай улады — прэзыдэнту, генэральнаму пракурору, міністру юстыцыі, старшыні Вярхоўнага Суду і старшыні суду Цэнтральнага раёну Гомелю, а таксама кіраўнікам пастаяннай місіі Беларусі пры ААН у Жэнэве і амбасады Беларусі ў Бруселі, з заклікам спыніць перасьлед праваабаронцаў.

«Дзякуй, вядома, за ўвагу да маёй сьціплай пэрсоны. Я заўсёды лічыў, што салідарнасьць — вялікая сіла. Мы з Анатолем Паплаўным, як і ўсе іншыя актывісты, выйшлі на „Марш недармаедаў“ не парушаць грамадзкі парадак, а на знак салідарнасьці з гараджанамі — яны адстойваюць сваё права на працу й годны заробак, на свабоду мірных сходаў і выказваньняў. Я асабіста дапамог грамадзянам напісаць каля 200 скаргаў на патрабаваньні ўладаў сплаціць „дармаедзкі“ падатак», — заявіў Свабодзе Леанід Судаленка.