«Лукашэнка ў нечым нагадвае позьняга Януковіча»

Гвалт дзеля страху: хто каго баіцца? Пратэст ад рэгіёнаў да сталіцы: чаго патрабуюць людзі? Ці будзе Беларусь наступнай пасьля Ўкраіны? Гэтыя тэмы абмяркоўваюць з Прагі Ганна Соўсь і Юры Дракахруст, зь Менску — Валер Каліноўскі і Севярын Квяткоўскі.


Прапануем вам фрагмэнт дыскусіі.

Ганна Соўсь: Чым вы патлумачыце жорсткія рэпрэсіі? Тацяна Севярынец лічыць, што «улада лютуе са страху»? Ці насамрэч спужалася ўлада?


20 гадоў розныя выклікі ў яго былі, і ён ня пойдзе на такія радыкальныя крокі, якія ўрэшце прывялі да зьвяржэньня Януковіча

Валер Каліноўскі: Рэпрэсіі, канечне мэтанакіраваныя, найперш, каб пасеяць страх у грамадзтве і вывесьці з гульні лідэраў пратэстаў, кіраўнікоў апазыцыйных партыяў, прамоўцаў, тых людзей, якія могуць сапраўды пераўтварыць акцыю на Дзень Волі 25 сакавіка ў важную падзею ў грамадзкім жыцьці, у сацыяльны пратэст, які нечага даможацца. Улады даюць тэрміны, якія пакрываюць 25-ае, калі будзе асноўная акцыя, каб людзі знаходзіліся ў турме. Ці баіцца сама ўлада, ці паказвае свой страх такім чынам? Калі бугай-амапавец нападае на дзяўчыну- анархістку ў Менску і цягне яе за валасы, гэта ня ёсьць прыкметай вялікай храбрасьці і сілы. Гэта, напэўна, прыкмета слабасьці ўлады, што яна прыбягае да такіх мэтадаў, каб папярэдзіць пратэсты супраць сябе. Напэўна, улады баяцца, што гэты пратэст разгарэцца далей, пойдзе з рэгіёнаў у сталіцу і, магчыма, зрыне гэты рэжым. Гэта страх і жаданьне зьбіць хвалю абурэньня найперш кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі.

Гэта прыкмета слабасьці ўлады, што яна прыбягае да такіх мэтадаў

Аляксандар Лукашэнка фактычна і ўяўляе сабой дзяржаўную вэртыкаль, усё на ім зацыклена. Ён фактычна пераўтвараецца ў слабага кіраўніка, ён пачынае рабіць памылку за памылкай, у нечым нагадвае позьняга Януковіча. Спадзяюся, што ён будзе больш мудрым, паколькі болей быў пры ўладзе. 20 гадоў розныя выклікі ў яго былі, і ён ня пойдзе на такія радыкальныя крокі, якія ўрэшце прывялі да зьвяржэньня Януковіча. І спадзяюся, што ня будзе на яго такога наўпроставага ўплыву з боку Пуціна, які меў Януковіч, і што Лукашэнка зможа ўзьніклыя пытаньні, нарастаючы сыстэмны крызіс вырашыць у грамадзкі прымальны спосаб.

Ганна Соўсь: Юры, ці вы згодны, што Лукашэнка цяпер слабы, што, як напісаў Валер Карбалевіч у сваім блогу, робіць ва ўмовах крызісу ўсё больш памылак? Ці нагадвае ён позьняга Януковіча?

Юры Дракахруст: Я так не лічу. Украіна — іншая краіна. Далёка не паўсюль, дзе ўлада ўжывае сілу, яна ўрэшце церпіць паразу. Гэта далёка ня так, калі мы возьмем і гісторыю, і цяперашні сьвет. Ён рэагуе так, як рэагуюць аўтарытарныя кіраўнікі...

Ганна Соўсь: Як рэагаваў усе гэтыя гады...

Юрый Дракахруст: Так, сапраўды. Я думаю, калі Януковіч ў лістападзе 2013 году кінуў «Бэркут» разганяць людзей на вуліцы, то, магчыма, і сам думаў, і, магчыма, Пуцін мог яму сказаць: «Віця, што ты баісься? Паглядзі, як Лукашэнка за 7 хвілінаў усё разагнаў, і ты так зрабі». А вось так у яго не атрымалася. Гэта іншая краіна. Я бы не сказаў, што калі ўлада ўжывае сілу, то гэта такое ўжо сьведчаньне яе слабасьці. Ёй можа не пашанцаваць, але гэта не абавязкова.

Ганна Соўсь: Ці пойдзе Беларусь шляхам Украіны, ці ператворацца беларускія пратэсты ў Майдан — такое пытаньне задаюць многія. Які ваш адказ на яго? Ад чаго ён залежыць?

калі гэтыя людзі выйдуць, магчыма, адбудзецца нешта падобнае на перабудову, альбо румынскі варыянт альбо нейкі іншы

Севярын Квяткоўскі: Беларусь — не Ўкраіна, і Ўкраіна — не Беларусь, у нас розныя ўмовы і розныя рэаліі. Нам проста падаецца, што мы падобныя, мовы падобныя, гістарычныя лёсы падобныя, але насамрэч мы вельмі розныя. У Беларусі такі Майдан немагчымы, каб два месяцы стаяць. У Беларусі ўсё будзе адбывацца досыць хутка. Як кажа Валера, дай Бог розуму Лукашэнку не рабіць рэзкія рухі. Адна справа ў 2010 годзе, калі выходзіў крэатыўны кляс, калі людзі выходзілі найперш за ідэю, за сваю годнасьць, а іншая справа, калі зараз выйдуць рабочыя. Яны пакуль яшчэ чакаюць, ім ёсьць за што трымацца. Эканоміка будзе дэградаваць, людзі будуць бяднець, і калі гэтыя людзі выйдуць, магчыма, адбудзецца нешта падобнае на перабудову, альбо румынскі варыянт альбо нейкі іншы. Але так, як на Майдане, ня будзе, канечне.