«Пік пратэсту будзе ў Менску, Гомлі і Віцебску», — актывіст РЭП Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак

Брутальныя затрыманьні ў Менску, Горадні і Магілёве паўплываюць на колькасьць людзей, якія прыедуць з усіх гарадоў Беларусі на Дзень Волі ў Менск, лічыць гомельскі актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП Андрэй Стрыжак.

«Але зараз не зусім зразумела, як паўплываюць. З аднаго боку, брутальныя затрыманьні могуць пералякаць людзей і прывесьці да думкі, што выходзіць ня варта. Але, зь іншага боку, тое, што я чытаю ў камэнтарах у Фэйсбуку і асабліва ў „Аднаклясьніках“, кажа, што людзей вельмі раззлавалі такія паводзіны ўладаў. Ня бачу разгубленасьці і роспачы, якія адсочваў па рэакцыі людзей у 2010 годзе».

Пратэстная хваля, якую ўлады цяпер актыўна зьбіваюць, тым ня менш ідзе да свайго піка, лічыць Стрыжак.

«Прагназую, што самымі масавымі яны (акцыі. — РС) будуць у сталіцы, Гомлі і, магчыма, у Віцебску. Пратэстныя настроі ў сталіцы і рэгіёнах падобныя, але ёсьць розьніца ў тых, хто выходзіць на гэтыя мітынгі. Калі ў Менску ёсьць традыцыйная праслойка дэмакратычна настроеных грамадзян, якія цяпер моцна разбаўленыя „недармаедамі“, то ў рэгіёнах гэта збольшага менавіта „недармаеды“ — людзі, якія раней ніколі не выходзілі на плошчу і яшчэ ўчора падтрымлівалі дзейную ўладу».

Актывіст лічыць, што ўлада не пакінула людзям ніякага іншага выйсьця, апроч як выходзіць на вуліцу.

«Я лічу, што выходзіць 25 сакавіка трэба, бо ўлада не пакінула нам аніводнага праўнага мэханізму супрацьстаяньня дэкрэту № 3. 25 тысяч подпісаў, сабраныя нашым прафсаюзам, якія былі адпраўленыя ў адміністрацыю прэзыдэнта, улада фактычна выкінула ў сьметнік, той жа лёс напаткаў і наш новы зварот ужо ў Канстытуцыйны суд. Судзьдзі Канстытуцыйнага суду лічаць, што падушны падатак дапушчальны ў нашай краіне. Цяпер адзіны мэханізм — выходзіць на плошчу і яднацца вакол арганізацый, якія абараняюць правы грамадзян, як, напрыклад, наш незалежны прафсаюз».