Калі трое сутак міліцыя палявала на Зьмітра Дашкевіча гэта выглядала як мінімум забаўна. Раней мы чулі пра прэвэнтыўныя затрыманьні, чыталі інтэрвію актывістаў аб тым, як іх закідвалі ў аўтазакі, часам нават маглі бачыць відэа альбо фота з разгонаў маштабных акцыяў пратэсту. Але мы яшчэ ніколі не рабіліся сьведкамі цэлага рэаліці-шоў, у якім гвалт стае штодзённасьцю.
Ты бачыш, як чалавек ідзе, усьміхаецца, камэнтуе і — хлоп! — набягаюць людзі ў шэра-чорных куртках з насунутымі на бровы шапкамі — і стрым канчаецца. Спачатку Дашкевіч, пасьля Губарэвіч, Рымашэўскі, Лябедзька... Хто наступны? Чыё затрыманьне ў онлайн-рэжыме убачым заўтра?
Тут ужо ня скажаш пра «фальшыўку, зробленую у Польшчы» альбо «самавыкраданьні» актывістаў.
Мы бачым гвалт, робімся сьведкамі і судзьдзямі адначасна. Тут ужо ня скажаш пра «фальшыўку, зробленую у Польшчы» альбо «самавыкраданьні» актывістаў, як гэта любілі падаваць МУСаўцы гадоў 7-8 таму. Ужо не падманеш.
Калі Зьмітра судзілі за, здавалася б, звыклую справу — «махаў рукамі, супраціўляўся» — я была ў жаху. Я слухала паказаньні міліцыянтаў у судзе і мяне апаноўваў страх і абурэньне адначасна. Страх ад таго, наколькі ж гэтая сыстэма ня мае дна ў сваёй крывадушнасьці, і абурэньне ад таго, наколькі ж яна прымітыўная.
Хлусіць для іх натуральна і камфортна, бо яны ведаюць, што за сьпінай маналіт дзяржапарату.
Міліцыянты (асабліва жанчына, ёй асобнае прывітаньне) нахабна расказвалі, як яны спынілі Зьмітра, прадставіліся, паказалі яму пасьведчаньне і праз «пройдземце, КАЛІ ЛАСКА» запрашалі ў аўтобус. Так хлусіць для іх натуральна і камфортна, бо яны ведаюць, што за сьпінай маналіт дзяржапарату. Таму белае можна называць чорным, чорнае — белым.
Вядома ж, міліцыя хлусіла заўсёды. Толькі ведала пра гэта вузкае кола абазнаных людзей. Троху большае кола людзей неабазнаных магло аб гэтым здагадвацца, але не магло пераканацца. А цяпер 20 000 глядзяць онлайн-трансьляцыю з затрыманьня Зьмітра, дзе яго гвалтоўна арыштоўваюць і закідваюць у бус. Дваццаць тысяч глядзяць у вочы «ціхарам», судзьдзі, Шуневічу, а тыя і вокам не павядуць: «Белае — гэта чорнае, чорнае — белае...»
Сотні чалавек слухаюць онлайн-стрымы з судоў. Сотні! Такога ніколі не было! Слухаюць, камэнтуюць, дзеляцца. Сьмяюцца, плачуць, абураюцца — ня вераць. Таварыш Шуневіч, Вы зноў заявіце пра плянаваную дыскрэдытацыю супрацоўнікаў міліцыі? Паверце, лепш за Вас з гэтым аніхто не справіцца. Як кажуць: «Захоўвайце спакой і працягвайце».
Калі людзям хлусяць такім нахабным чынам, можна ўпэўнена сьцьвярджаць — грамадзтва для ўлады не каштоўнасьць.
Уся гэтая хлусьня дзесяткам тысяч чалавек у рэжыме онлайну кажа ня проста пра безабароннасьць звычайнага грамадзяніна і пра несправядлівасьць. Гэта наўпроставая абраза і непавага да грамадзтва ў цэлым. Калі людзям хлусяць такім нахабным чынам, можна ўпэўнена сьцьвярджаць — грамадзтва для ўлады не каштоўнасьць. Усё што заўгодна, толькі не каштоўнасьць. Гэта крыніца падаткаў, працоўная сіла, спажыўцы, статак бараноў, які можна стрыгчы... Ня больш.
Але час, прагрэс, тэхнічная эвалюцыя — не на Вашым баку, таварыш Шуневіч. Мы зробім з Вашага злачынства шоў. І вам прыйдзецца за гэта адказваць. Вам трэба плаціць грошы за непрафэсійныя і хлусьлівыя прапагандысцкія ролікі на БТ, за ўсе гэтыя безгустоўныя і тапорныя выдумкі (мабыць, на якасны прадукт ужо і грошай няма). А нам — толькі націснуць на «live».
Рэальнасьцю валодае той, хто робіць, глядзіць і аналізуе дакумэнталістыку, хроніку рэальных падзеяў, непрыкрытыя факты. А Вы заставайцеся ў сваім жанры зомбі-хорару: «Званок другу», «Званок-2»... За намі праўда, за Вамі — дзіцячыя страшылкі. Прыемнага прагляду!
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.