Прадчуваньне...

Алег Дашкевіч

Калі глядзіш жывую трансьляцыю з дармаедзкіх мітынгаў у правінцыі, хочаш ня хочаш, але згадваеш канец 1980-х, пачатак 1990-х.

Ня цалкам, але ўзьнікае адчуваньне той атмасфэры.

Ужо нават не абураныя, але адчайныя людзі. Не студэнты й моладзь, як на дэманстрацыях у сталіцы, але мужчыны й жанчыны, раней бы сказалі ад станка, але сёньня хутчэй тыя, хто адказвае за свае сем'і.

Напружаныя твары, энэргетыка ў словах і паводзінах. Падвышаны градус людзкога трываньня. Напор, словам.

Я гляджу, як адбіваюць ад ціхароў гомельскага блогера Філіповіча ў Пінску. Якія разгубленыя твары ў тамтэйшага міліцэйскага начальства пасьля няўдалага бандыцкага налёту на таго няшчаснага блогера, хутчэй за ўсё, групай прыежджых тантон-макутаў.

Як гэтыя мясцовыя чыны рачкуюць і хаваюць вочы ад пытаньняў і воклічаў, што сыплюцца нібы соль у вочы.

Як ніякавата сябе паводзяць у Маладэчне ўсе гэтыя мажныя дзядзькі ў форме, з пагонамі маёраў-палкоўнікаў, адчуваючы адначасова няёмкасьць, сорам, хваляваньне, ціск ад патрэбы выканаць загад і не скаціцца да грамадзянскага канфлікту з людзьмі на плошчы.

Ім цягамотна, яны ня звыклі, яны тут жывуць і пэўна, ведаюць не аднаго свайго суседа, які вымушаны ад такога няўдзячнага жыцьця прыйсьці на тую плошчу.

Яны й самі разумеюць увесь цынізм ды ідыятызм гэтага дэкрэту №3, але знаходзяцца па іншы бок барыкады й робяцца такімі ж закладнікамі новапаўсталай сытуацыі.

Сытуацыя набрыньвае новымі фарбамі, збольшага змрочных колераў.

Можна колькі заўгодна спачуваць і падтрымваць прыхільнікаў дыялёгу з Эўропай унутры тае самае дзяржаўнай сыстэмы. Можна колькі заўгодна паўтараць, што гэтая ўлада, пэрсаніфікаваная ў кіраўніку дзяржавы, баіцца Масквы болей, чым Брусэлю й Вашынгтону, але ясна, як божы дзень, што заўжды ў крытычных момантах яна будзе дзейнічаць паводле сцэнару 2010 году.

Такая яе прырода, так зладжаная яе матрыца. Нутро перакроіць немагчыма.

Але, у адрозьненьне ад улады, час мяняецца. Гэтыя зьмены напісаныя на тварах паспалітых людзей, што выходзяць на пляцы правінцыйных гарадоў. На іхных тварах напісаная злосьць і гэтую злосьць бачаць міліцэйскія начальнікі, і застаюцца зь ёю, з гэтай народнай злосьцю тварам да твару. І ім трэба прымаць няпростыя рашэньні, бо на іх перакладзеная адказнасьць.

Памятаю, як у 1990-м, зьбіраючыся ехаць на натурную пляцоўку «Беларусьфільма», дзе каскадзёрыў у нейкім фільме, зайшоў на чарговы мітынг. Нехта даў мне ўлёткі й папрасіў іх распаўсюдзіць дзе мне будзе зручна. Я выбраў дзеля такой справы няісны сёньня аўтавакзал «Маскоўскі», зь якога адпраўляўся мой аўтобус.

За гэтай справай мяне засёк ціхар, юны курсант сярэдняй міліцэйскай школы з камсамольскім значкам на пінжаку, і выклікаў патруль.

У пастарунку, куды мяне прывезьлі, нейкі падпалкоўнік, даведаўшыся, што я ня злодзей, але «ўлётнік», прымушаў патруль везьці мяне куды заўгодна, толькі не ў ягоны райаддзел.

— Што мне зь ім рабіць? У мяне што, злодзеяў мала?! — роў разьюшаны афіцэр на сяржанта, начальніка патруля.

Патруль нешта мямліў у адказ, а пасьля, пакінуўшы мяне ў пастарунку, папросту уцёк.

Мы з гадзіну размаўлялі з тым падпалкоўнікам за жыцьцё, і ў нейкі момант ён роспачна заўважыў:

— Напэўна будзе вельмі кепска ў краіне, напэўна будзе вайна. – Паглядзеў сумна, парваў пратакол затрыманьня і дадаў: — Шуруй адсюль.

Сёньня ў нас сытуацыя горшая, чым пры канцы СССР. Тады людзі былі наіўныя, яны верылі ў лепшае жыцьцё. Яны прагнулі свабоды. У іхнай энэргіі быў вялікі зарад пазытыву. На іхных тварах побач са зласьцю была напісаная надзея.

Дый Гарбачоўская эпоха па сваёй атмасфэры адрозьнівалася ад сёньняшняй. Мы пасталелі на дваццаць пяць — трыццаць гадоў. Мы пазбаўленыя ілюзіяў. Мы заміж надзеі маем усярэдзіне адну злосьць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.