Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая абураецца затрыманьнямі мірных грамадзянаў, лідэраў апазыцыі і журналістаў. У сваёй заяве на Facebook яна піша, што «асноўным каталізатарам народнага гневу становяцца неправамерныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі».
Канапацкая заявіла ў інтэрвію Свабодзе, што ейныя дзеяньні не абмяжуюцца заявамі:
«Маё меркаваньне: гэта парушэньне і закону, і нават распараджэньня ўлады: прэзыдэнт кажа, што людзі маюць права на мірныя сходы адпаведна Канстытуцыі. Буду рабіць усе прадугледжаныя законам захады. У любым выпадку буду прасіць Міністэрства ўнутраных спраў разабрацца, зрабіць выразныя захады дзеля далейшага недапушчэньня такога».
Затрыманьні, арышты, суды. Міліцэйскае пасьляслоўе да «маршаў недармаедаў»
Тым часам незалежная дэпутатка Алена Анісім едзе ў Стоўпцы, у сваю выбарчую акругу, каб пачуць людзей і даведацца іхныя настроі, а ўвечары зьбіраецца вырашаць, што рабіць далей, «каб не было стрэлу ўхаластую». Канапацкая жа ня едзе «па рэгіёнах»: яна вядзе працу ў сваёй выбарчай акрузе ў Менску, два разы на тыдзень праводзіць прыёмы грамадзянаў.
Раней Канапацкая, нягледзячы на зламаную нагу, прыяжджала ў Маладэчна, дзе 10 сакавіка былі затрыманыя лідэры АГП, БХД і руху «За свабоду». Там яна патрабавала вызваленьня затрыманых, паколькі пасьля складаньня пратаколаў іх няма патрэбы ўтрымліваць, а таксама патрабавала адшукаць і затрымаць асобаў, якія хапалі Лябедзьку ды іншых. Ёй паабяцалі разгледзець ейную заяву, але затрыманыя засталіся ў ізалятары. Дэпутатка тады казала, што «такое стаўленьне да заканадаўчай улады» сустрэла ўпершыню.