У першай палове дня каля пад’езду свайго дому быў затрыманы блогер Сяргей Пятрухін зь Берасьця. Каля дзьвярэй яго чакалі ўчастковы міліцыянт і чалавек у цывільным, якія прапанавалі Сяргею прайсьці ў РАУС дзеля размовы наконт яго відэасюжэтаў на YouTube з крытыкай міліцыянтаў. Празь некалькі гадзінаў Сяргей Пятрухін здолеў патэлефанаваць сябрам і паведаміў, што яго затрымалі паводле артыкулу за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Блогер не пасьпеў паведаміць падрабязнасьцяў і прасіў знайсьці яму адваката. Цяпер сувязі зь Сяргеем няма: яго тэлефон выключаны.
Таксама яшчэ да пачатку стыхійнага маршу «недармаедаў» у Берасьці быў затрыманы журналіст-відэаапэратар Дзьмітрый Гарбуноў. Журналіст пасьпеў паведаміць пра затрыманьне праваабаронцам. Цяпер ягоны тэлефон не адказвае.
За іншымі актывістамі ў Берасьці сочаць людзі ў цывільным. У Кобрыні міліцыянты затрымалі мясцовага актывіста Аляксандра Меха.