Вынясеньне прысуду
Храналёгія падзей
Затрыманы сёньня ранкам адзін зь лідэраў «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч знайшоўся ў судзе Савецкага раёну Менску. Суд распачалі, але неўзабаве абвясьцілі перапынак.
Як паведамляе карэспандэнтка Свабоды з суду, Дашкевіча вінавацяць у парушэньні чатырох артыкулаў Кодэксу па адміністрацыйных правапарушэньнях, у тым ліку ў супраціве міліцыі, а за ранейшыя акцыі ў Курапатах – за дробнае хуліганства і парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
«Сутнасьць вельмі простая: ня выканаў законныя патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі, кідаўся-хапаўся за форму, сеў на зямлю», – кажа Дашкевіч, чытаючы рапарт. На відэа Дашкевіча ж было бачна, што Дашкевіча схапілі, не прад’явіўшы дакумэнты і не прадставіўшы патрабаваньняў. У рапарце названыя прозьвішчы зьвязаных з затрыманьнем: Гамола і Яцута.
Your browser doesn’t support HTML5
Невядомыя схапілі Зьмітра Дашкевіча ў жывым эфіры
«Я не ўлічыў, што ўжо і жанчын выкарыстоўваюць у патруляваньні, — дадае Дашкевіч. — Хуліганства дробнае, акцыі, мо яшчэ за затрыманьне нешта дадуць. Мне пратаколы яшчэ не паказалі, тэлефон скралі».
На пытаньне, з чым, на ягоную думку, зьвязанае затрыманьне, Дашкевіч адказаў:
«Заўсёды было зразумела, што ўсё гэта гульні. Лібэралізацыя даволі ўмоўная, гайкі адкручваюць-закручваюць. Я думаю, Лукашэнку сарвала дах гэтымі маршамі пратэстаў, нашым посьпехам у Курапатах…»
«Наста, трымайся, гадуй дзетак, муж хутка вернецца з вайны», — сьмяецца Дашкевіч, але дадае, што «Наста ведала, за каго выходзіла». Ён кажа, па тры дні гатовы сядзець шмат раз на год, але калі будуць даваць па 25 дзён зьняволеньня – столькі гатовы сядзець толькі пару раз на год.
А 16-й гадзіне аднавіўся разгляд справы Зьмітра Дашкевіча
Яго вінавацяць паводле пяці артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу, у тым ліку ў хуліганстве і парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах. Паводле пратаколаў, Дашкевіч нібыта аказваў супраціў міліцыянтам пры затрыманьні і ўзьлез на трактар падчас абароны Курапатаў. Таксама яго вінавацяць у парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў— за выстаўленьне намёта на будаўнічай пляцоўцы, за пікетаваньне і за мітынг у Курапатах.
Судзьдзя адмовіўся весьці працэс па-беларуску, забараніў журналістам відэаздымкі і адмовіўся разглядаць відэазапіс затрыманьня. Зьміцер Дашкевіч сказаў, што суду не давярае, але мяняць судзьдзю няма сэнсу.
17:30 У судзе выступілі міліцыянты, якія затрымлівалі Зьмітра Дашкевіча і якія дзяжурылі ў Курапатах. Сярод іх Тацяна Яломенка — супрацоўніца ГУУС г. Менску. Зьміцер Дашкевіч зьвінаваціў іх у хлусьні.
Зьміцер Дашкевіч і ягоны адвакат хадайнічалі аб праглядзе відэа затрыманьня, аднак судзьдзя адмовіў у хадайніцтве.
Падтрымаць Зьмітра ў судзе прыйшлі каля двух дзясяткаў чалавек, у тым ліку жонка — Наста Дашкевіч, Сяргей Пальчэўскі, які сёньня выйшаў з турмы на Акрэсьціна пасьля трох сутак арышту за абарону Курапатаў. А таксама паплечнікі-абаронцы Алесь Кіркевіч, Уладзь Яроменак, Вольга Мікалайчык і многія іншыя. Зьмітру прынесьлі цукеркі і бел-чырвона-белыя ружы.
***
Лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча схапілі невядомыя падчас жывой трансьляцыі, якую ён вёў праз Facebook. Напрыканцы відэа чуваць, як жанчына прадстаўляецца міліцыяй. Пасьля гэтага пачынаецца штурханіна і трансьляцыя абрываецца.
Дашкевіч знайшоўся. Яго вінавацяць у парушэньні, прынамсі, трох артыкулаў
Дзяжурны Першамайскага РАУС, куды мелі б адвесьці Дашкевіча, калі б яго затрымлівала міліцыя, заявіў Свабодзе, што «няма такога, не затрымлівалі», і параіў «патэлефанаваць у выцьвярэзьнік». Карэспандэнтка Свабоды знаходзіцца ў судзе Першамайскага раёну — канцэлярыя суду зьвестак не дае, іншыя супрацоўнікі кажуць, што пра затрыманьне Дашкевіча ня ведаюць.
Затрыманьне адбылося непадалёк ад Сядзібы БНФ, дзе пачаўся збор подпісаў пад адкрытым лістом да Міністэрства культуры з патрабаваньнем прыняць новы праект зонаў аховы мэмарыялу «Курапаты». У час падпісаньня Дашкевіч, ініцыятар абароны Купапатаў, казаў:
«Мажліва Шорац (старшыня Менгарвыканкаму – РС.) будзе шукаць іншых забудоўшчыкаў, у кожным выпадку, нам усім разам – сотням чалавек – нам атрымалася вывесьці тэму на агульнанацыянальны ўзровень абмеркаваньня».
Пасьля падпісаньня Дашкевіч выйшаў з пад’езду Сядзібы, накіроўваўся да аўтамабілю.
Невядомыя, якія схапілі Дашкевіча. Кадр з жывой трансьляцыі:
Празь некалькі хвілінаў пасьля затрыманьня старшыня Руху «За свабоду» Юры Габарэвіч выставіў у сваім профілі на Facebook відэа затрыманьня. Ён дадае, што пад Сядзібай БНФ застаецца стаяць сіні мікрааўтобус, вядомы па ранейшых затрыманьнях дэмакратычных актывістаў.