Заяўнікаў «Маршу недармаедаў» выклікалі ў Менгарвыканкам

Менскі гарвыканкам

Заяўнікаў «Маршу недармаедаў», які плянуецца правесьці 15 сакавіка ў Менску, выклікалі ў Менгарвыканкам.

Сустрэча прызначаная на 14 гадзіну 10 сакавіка. Заяўнікі акцыі — Дзяніс Садоўскі (БХД), Дзьмітры Кучук (Беларуская партыя зялёных), Ірына Вештард (БСДП(Грамада)) і Ўладзімер Лабузаў (Абʼяднаная грамадзянская партыя).

Як сказаў сакратар Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі, толькі пасьля двухгадзінных спробаў ён здолеў атрымаць ад Менгарвыканкаму хоць нейкі адказ наконт лёсу пададзенай імі заяўкі на «Марш недармаедаў».

«У канцылярыі сказалі, што 7 сакавіка заяўнікам накіравалі адказ, а ў аддзеле ідэалёгіі паведамілі, што адказу яшчэ няма і ён будзе фармавацца ў залежнасьці ад заўтрашняй размовы. Такім чынам, як заўсёды, улада цямніць, зацягвае максымальна тэрміны і парушае права грамадзян на свабоду сходаў», — сказаў Дзяніс Садоўскі.

Першую заяўку на акцыю арганізатары падалі яшчэ 30 студзеня.