«Экспэрты ў абарону Курапатаў» прапануюць Мінкульту новыя межы ахоўных зонаў

Грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» распавяла ў газэце «Новы час» пра адкрыты ліст да Міністэрства культуры і асабіста міністра Барыса Сьвятлова з прапановамі новага праекту зонаў аховы мэмарыялу «Курапаты».

Ліст урачыста падпішуць 10 сакавіка а 12-й гадзіне на менскай сядзібе БНФ (Чарнышэўскага, 3-39), копію ліста накіруюць прэм’ер-міністру Андрэю Кабякову.

Новы праект ахоўных зонаў абапіраецца найперш на ранейшы праект Тацяны Косьціч і Вольгі Кукуні з «Праектрэстаўрацыі», выкананы ў 2003 годзе на замову Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Міністэрства культуры тым часам адхрысьцілася ад адказнасьці за будоўлю ў Курапатах у адказ на абвінавачаньні дэпутата Ігара Марзалюка.

Зьверху зьлева праект 2003 году Косьціч і Кукуні, зьверху справа прынятыя Мінкультам у 2004 годзе зоны мэмарыялу, зьнізу зьлева — прынятыя Мінкультам у 2014 годзе, зьнізу справа — прапанова «Экспэртаў у абарону Курапатаў». Выявы з архіву Марата Гаравога

Глядзіце выяву ў вялікім памеры

Як распавёў Свабодзе прадстаўнік ініцыятывы Марат Гаравы, ініцыятыва лічыць незаконнымі ўсе будоўлі, што вяліся ў раёне Курапатаў за апошні час; ён гаворыць пра «ўсю практыку, што вялася ад 1993 году з прыняцьцем, зацьвярджэньнем і зьмяненьнем ахоўных зонаў, калі помнік быў унесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў як помнік міжнароднага значэньня».

Марат Гаравы

«Гэтыя межы, распрацаваныя актывістамі нашай грамадзкай ініцыятывы, спэцыялістамі ў гэтай праблеме, забясьпечаць існаваньне гэтага помніка нацыянальнай гісторыі, нашага знаку бяды, і яго захаваньне, — тлумачыць Гаравы. — Тут улічаныя ўсе памылкі, усе напрацоўкі спэцыялістаў у галіне зонаў аховы згодна з агульнапрынятымі ў сусьветнай практыцы падыходамі. Яны зробленыя так, каб паставіць кропку на тых праблемах, што пастаянна ўзьнікалі вакол Курапатаў у сувязі са звужэньнем ахоўных зонаў і незаконнымі будаўніцтвамі».

Гаравы дадае, што ў лісьце адлюстроўваецца ня толькі пазыцыя «Экспэртаў»: улічаныя прапановы, меркаваньні і просьбы наведнікаў выставы «Праўда пра Курапаты». Выставу і конкурс на найлепшы праект мэмарыялізацыі Курапатаў, згадвае ён, падтрымалі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі, Таварыства беларускай школы і многія іншыя.

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

Цяперашнія ахоўныя зоны мэмарыялу, зацьверджаныя ў 2014 годзе, не бароняць каштоўнасьць, якую «чакаюць новыя выклікі і пагрозы», гаворыцца ў лісьце. Міністэрства культуры не павінна было яшчэ ў 2004 годзе ўзгадняць праект зонаў аховы зь Менгарвыканкамам і Менаблвыканкамам, а не прадугледжаныя законам узгадненьні прывялі да неабгрунтаванага зьмяншэньня ахоўных зонаў, пішуць «Экспэрты». Прынятыя ў 2004 годзе зоны аховы называліся «часовымі», хоць заканадаўства ня ведае такога паняцьця, як «часовыя ахоўныя зоны».

У праекце новых ахоўных зонаў мэмарыялу пляцоўка будоўлі 2017 году вернутая ў ахоўную зону. Таксама «Экспэрты» прапануюць:

— Вярнуць у склад ахоўнай зоны тэрыторыю на захад ад зоны гісторыка-культурнай каштоўнасьці, выдаленай у 2014 годзе пад зьезд з МКАД і транспартнага абслугоўваньня БелЭКСПА, бо ад будаўніцтва апошняга адмовіліся.

— Пашырыць ахоўную зону на тэрыторыю будаўніцтва «Бульбаш-холу» да аўтазапраўкі, каб рэглямэнтаваць выкарыстаньне ўжо збудаваных канструкцыяў і «не дапусьціць у будучыні прыстасаваньня гэтых будынкаў пад недарэчныя функцыі, што не адпавядаюць патрэбам Курапатаў».

— Пашырыць ахоўную зону на ўсход ад зоны каштоўнасьці да вуліцы Мірашнічэнкі, бо любое будаўніцтва між так званай «дарогай сьмерці» і гандлёвым цэнтрам BigZZ «створыць пагрозу захаванасьці самога помніка і ягонага гістарычнага атачэньня.

— Надаць статус зоны рэгуляваньня забудовы для катэджнага пасёлку «Сонечны» і тэрыторыі ад паўночна-заходняй мяжы ахоўнай зоны да ракі Цна.