Яе сын Мікалай мае праблемы са здароўем, а працу па спэцыяльнасьці, якую набыў у Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, доўгія гады знайсьці ў раёне ня можа.
Мэдаль — гэта адзінае, што я магу прадаць, хоць у параўнаньні з падаткам ён каштуе капейкі.
«На жаль, мэдалём маім пакуль не зацікавіліся. На пачатку я ўсур’ёз думала, што мой мэдаль „За працоўную доблесьць“, які я атрымала як настаўніца пачатковых клясаў яшчэ ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя, дапаможа сыну. Дасьведчаныя людзі нядаўна патлумачылі, што за мэдаль я магу ў пераліку на цьвёрдую валюту выручыць даляраў 20, а падатак цягне амаль на 200 даляраў. Мэдаль — гэта адзінае, што я магу прадаць, хоць у параўнаньні з падаткам ён каштуе капейкі.
Пэнсія ў мяне за тры з паловаю дзесяцігодзьдзі пэдагагічнай працы ледзь перавышае 300 рублёў, а „дармаедзкі“ падатак — 360. Большы, чым мая месячная пэнсія. Мы ж з сынам на маю пэнсію жывём. Канцы з канцамі і так ледзьве сточваем, а тут яшчэ гэты „дармаедзкі“ падатак», — распавяла Людміла Богуш Свабодзе.
Яе сыну Мікалаю 33 гады, мае праблемы са зрокам і ныркамі, закончыў бібліятэчны тэхнікум, кажа Людміла Богуш:
«Ня раз зьвяртаўся ў Жыткавічы ў аддзел культуры, цяпер ён ужо называецца ідэалёгіі, культуры і пра справах моладзі. Адказвалі: „Чакайце“. Мінуў год культуры, у які закрывалі і клюбы, і бібліятэкі. У нашай Рудні бібліятэку павесілі ў нагрузку на загадчыцу клюбу.
Сын рэгістраваўся ў цэнтры занятасьці, але там яму таксама нічога не знайшлі па спэцыяльнасьці. Урэшце прапанавалі перавучвацца на качагара. Пагадзіўся. Узяў накіраваньне, стаў праходзіць мэдычную камісію. Дык лекары завярнулі назад: па здароўі не прапусьцілі. Цяпер жа кацельні працуюць пераважна на дровах, вугалі. Сказалі, што гады праз два зрок можа зусім страціць. Вось так і застаўся сын у „дармаедах“.
Спадарыня Богуш нэгатыўна ставіцца да дэкрэту № 3 „Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства“, паводле якога беларусы, якія не працавалі больш як 183 дні на год, мусяць плаціць адмысловы падатак:
Калі вы ня можаце прапанаваць працу, то не людзі ж вінаватыя, што застаюцца беспрацоўнымі. Дык якое тады права вы маеце запускаць сквапную руку ў наш і без таго пусты гаманец?
«Калі б была праца, калі б чыноўнікі ўсіх масьцей і рангаў рупіліся ў кожным раёне забясьпечыць людзей працаю, у такім разе можна было б падумаць і пра падатак на сацыяльнае ўтрыманства. Ага, здаровы маладзён, мае магчымасьць працаваць, але ня хоча, бадзяецца — значыць, плаці. А калі вы ня можаце прапанаваць працу, то не людзі ж вінаватыя, што застаюцца беспрацоўнымі. Гэта чынавенства, слугі народныя працуюць абы як, атрымліваючы высокія заробкі. Дык якое тады права вы маеце запускаць сквапную руку ў наш і без таго пусты гаманец?
Альбо раяць яшчэ: зьвярніцеся ў сельсавет, у раённую камісію, а яны прыедуць аглядаць вашае жытло, высьвятляць матэрыяльнае становішча сям’і. Гэта што ж за прыніжэньне такое?! Хіба вы далі майму сыну матэрыяльныя даброты нажыць? Вы ж прыходзіце, па сутнасьці, маё матэрыяльнае становішча высьветліць. Дык хіба не вядома, колькі я зарабіла ў дзяржавы за тры з паловай дзесяцігодзьдзі працы ў школе?
Мне ўжо семдзесят гадоў. Памятаю, што за савецкім часам браліся за «дармаедаў». Але ж тады й працу прапаноўвалі на кожным кроку.
Сын, калі атрымаў «ліст шчасьця» з падатковай інспэкцыі, то адпісаў ім і ў райвыканкам, што ня можа ўладкавацца на працу, што дэкрэт № 3 супярэчыць Канстытуцыі нашай незалежнай краіны. Райвыканкам на гэта змаўчаў — ні слыху ні дыху, а падатковая інспэкцыя даслала ліст, у якім указала: права на вызваленьне ад падатку адсутнічае».
Гандаль дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь і СССР у Беларусі забаронены.