Жыхарцы Крычава Надзеі Івановай — 65. Усё сваё працоўнае жыцьцё яна настаўнічала, а выйшаўшы на пэнсію, узялася, як яна кажа, абуджаць людзей, каб змагаліся за сваю лепшую долю. Два дзясяткі гадоў яна зьбірае подпісы ў падтрымку ініцыятываў, якія, на яе думку, набліжаюць часы справядлівасьці і праўды.
Хачу, каб не падманвалі народ
Надзея Іванаўна на гутарку вымеркавала час між хатнімі справамі і зьбіраньнем подпісаў за адмену дэкрэту аб дармаедах і за адстаўку старшыні Крычаўскага райвыканкаму Васіля Сысоева. Пакуль чакала дызэля з Магілёва, раздала мінакам зь дзясятак асобнікаў «Народнай Волі» і мясцовага «Вольнага гораду». Пры сабе мела наладаваную незалежнай пэрыёдыкай торбачку.
«Я хачу, каб у гэтым жыцьці панавала справядлівасьць, каб не падманвалі народ. Каб людзі маглі дыхнуць свабодна», — тлумачыць сваю грамадзкую актыўнасьць Надзея Іванова.
Да чыннасьці апазыцыйнага асяродку ў Крычаве далучылася, кажа, два дзясяткі гадоў таму, калі працавала ў мясцовай вучэльні. Прыгадала, што акурат тады выдаўцы газэты «Вольны горад» спрабавалі зарэгістраваць выданьне і шукалі ў гэтай справе падтрымкі грамадзкасьці.
«Прыйшоў у вучэльню рэдактар газэты Сяргей Няроўны. Спаткаўся са мною і пасьля гутаркі прапанаваў падпісаць пад зваротам некалькі чалавек. Я тое зрабіла і з таго часу дапамагаю газэце, чым магу. Акрамя таго, назіральнікам сачу за галасаваньнем падчас выбарчых кампаніяў. Зьбіраю подпісы ў падтрымку ініцыятываў, якія, на маю думку, абуджаюць мясцовае грамадзтва», — кажа Надзея Іванаўна.
Суразмоўніца — зграбная рухавая кабета. Гаварыць па-простаму, не падбіраючы мудрагелістых завучаных фраз. 37 год рабіла мэтадыстам, майстрам вытворчага навучаньня ў мясцовай вучэльні. Апавядаючы пра сваю грамадзкую дзейнасьць, адзначае тое, чаго не хапае, на яе думку, простым людзям.
«Пакуль я зрабіла выснову, што праўды няма», — кажа Надзея Іванаўна.
«Вось прыдумалі гэты падатак на дармаедзтва, але людзям няма дзе працаваць, — кажа яна. — На біржу нікога ня ставяць. А куды людзям дзявацца? Многія зьяжджаюць у Расею, але ня ў кожнага ёсьць такая магчымасьць».
Народ у галечы, а чыноўнікам напляваць
«Быў у нас старшынём райвыканкаму Пракопаў, дык за час яго кіраўніцтва зачыніўся мясакамбінат, піўзавод, маслазавод. Была мэблевая фабрыка, і тую зачынілі, — кажа суразмоўніца. — У 2011 годзе прыйшоў Сысоеў. За ім развалілася райпо, збанкрутавала аўтабаза, сельскія гаспадаркі ўсе банкруты. Стары цэмзавод ужо не працуе. Жыцьцё стала для простага чалавека невыноснае. А яшчэ гэтая кантрактная сыстэма запрыгоніла людзей. Людзей ператварылі ў рабоў. Калі ты нейкаму кіраўніку не дагадзіў, які б ты ні быў добры работнік, ён цябе ў любы момант можа прыбраць. Скасуе кантракт, і ўсё».
«Дужа многа злых на Васіля Сысоева людзей, — працягвае Надзея Іванаўна. — Яны кажуць, што яму ў Крычаве ня месца: „Калі ён тут нарабіў столькі кепскага, то няхай сыходзіць адсюль. Мажліва, прыйдзе іншы чыноўнік, і як пабачыць, што ягонага папярэдніка прыбралі, дык будзе лепей выконваць свае абавязкі. Будзе старацца працаваць для людзей“. Так людзі кажуць, але падпісваюцца за адстаўку чыноўніка ня многія — баяцца».
«Мяне многія страшаць і адначасна захапляюцца маёй сьмеласьцю, як яны кажуць, — заўважыла між іншым суразмоўніца. — Палохаюць, што ўлада адпомсьціць — маўляў, я жыву ў Крычаве, тут мае дзеці жывуць, і таму знойдуць слабіну, каб пакараць. Я ж на такое запалохваньне адказваю, што ніякіх законаў я не парушаю і маю права агучваць сваю пазыцыю адкрыта».
На думку Надзеі Іванаўны, праца чыноўнікаў ніяк не зьвязаная зь яе эфэктыўнасьцю. За безгаспадарчасьць, кажа яна, заробкі старшыняў райвыканкамаў не зьмяншаюцца. «Таму на тое, што адбываецца ў эканоміцы, ім напляваць», — кажа спадарыня Надзея.
«А калі народ у галечы, дык няхай так і будзе. А вось каб заробкі ў іх залежалі ад рэальнага стану эканомікі, то яны б думалі і варушыліся, — лічыць Надзея Іванаўна.
Народ змусілі забыцца на чалавечую годнасьць
Некалькі месяцаў Надзея Іванова наведвала судовы працэс над былым дырэктарам Крычаўскага цэмзаводу Леанідам Скоцкім. Паводле сьледзтва, той стварыў на прадпрыемстве сыстэму пабораў. Працаўнікам выдавалі прэміі, якія яны вярталі дырэктару. За час суду дапыталі больш за 140 сьведак. Суразмоўніцу працэс уразіў.
«Суд паказаў, наколькі людзі баяліся адкрыта казаць пра тыя паборы, якія арганізаваў кіраўнік прадпрыемства, — кажа Надзея Іванаўна. — Працаўнікі не хавалі, што баяліся не аддаць прэміі, бо іначай іх маглі проста пазбавіць за непаслушэнства працы. На пытаньне судзьдзі, ці законна яны атрымлівалі прэмію, працоўныя адказвалі, што яна заробленая імі, але не аддаць яе не маглі, бо наступстваў баяліся».
«Людзей давялі да стану, што яны слова супраць баяцца сказаць начальству, бо могуць застацца бяз сродкаў да існаваньня, — кажа суразмоўніца. — Працуюць, апусьціўшы вочы долу, забыўшыся на чалавечую годнасьць. Зарабляюць на малако ды хлеб, а калі іх выкінуць за вароты, то і таго ім ня будзе дзе зарабіць».
За адстаўку старшыні райвыканкаму Сысоева Надзея Іванова назьбірала блізу трохсот подпісаў. За скасаваньне дэкрэту аб дармаедах — больш за чатырыста.
«Спачатку ня ведала, да каго зьвярнуцца, каб мне патлумачылі, як зьбіраць подпісы супраць гэтага дэкрэту. Не было падпісных лістоў. Але я ўжо ведала, якія партыі і арганізацыі ўзяліся за тое, каб адмянілі збор на дармаедзтва», — кажа жыхарка Крычава.
У падтрымку Анатоля Лябедзькі, калі ён вылучыўся на прэзыдэнцтва, Надзея Іванова сабрала больш за 500 подпісаў. «Мне ўручылі ліст падзякі, запрашалі, калі буду ў Менску, на каву», — з усьмешкай згадала яна.
Зьбірала подпісы і за аднапартыйца Лябедзькі Яраслава Раманчука. Дапамагала Аляксандру Мілінкевічу.
«Мне дужа падабаўся Аляксандар Мілінкевіч. Ён прыяжджаў у Крычаў. Ягоная манера гаварыць мне імпанавала. Калі яго слухаеш, то разумееш, што ён за просты народ, — кажа Надзея Іванаўна. — Калі бяруся зьбіраць подпісы за некага ці нешта, то прыслухоўваюся да таго, якія высновы робяць мае паплечнікі. Напрыклад, рэдактар газэты „Вольны горад“ Сяргей Няроўны. Ён тут дужа аўтарытэтны чалавек».
Сьвяткаваць 8-га сакавіка няма калі
Слухаючы аповед Надзеі Івановай, назваў яе рызыканткай. Суразмоўніца, усьміхаючыся, пагадзілася. Жыцьцё, кажа, вымагала іншым разам сьмелых крокаў.
Нарадзілася Надзея Іванаўна на Краснапольшчыне ў вёсцы Халмы. Цяпер гэтае паселішча ў радыяцыйнай зоне, але ў ім яшчэ застаюцца людзі. Там у бацькавай хаце жыве і сястра суразмоўніцы. «На могілках у Халмах пахаваныя бацькі ды брат. Стараюся іхныя магілкі адведваць штогод», — сказала яна.
У Крычаў Надзея Іванова трапіла, адвучыўшыся ў Магілёве па разьмеркаваньні. Вучылася ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, скончыць якую не ўдалося. У суразмоўніцы двое дзяцей, унукі. З мужам жывуць чатыры дзясяткі гадоў.
«У мяне былі пляны зь Беларусі зьехаць. Гэта было пры канцы 1990-х гадоў, — працягнула гутарку Надзея Іванаўна. — Мне думалася, што ёсьць краіны, дзе людзі жывуць лепей. Туды мяне цягнула, бо я стамілася ад разуменьня таго, што жыцьцё мінае, а добрага няма ў ім».
Затым Надзея Іванова прыгадала, як падпісвалі 300 жыхароў Крычава ў падтрымку тэлеканалу «Белсат».
«У каго няма магчымасьці карыстацца інтэрнэтам, то гэты незалежны канал — як глыток сьвежага паветра, — кажа яна. — Людзі глядзяць яго і робяць высновы, якая ў нас улада і якое жыцьцё. Для ўладаў гэты канал — як нажом па сэрцы. Ён ім не даспадобы, таму і робяць усё, каб ён зьнік».
«Каго нам, беларусам, трэба апасацца, дык гэта Расеі, бо я бачу, што яна нарабіла ва Ўкраіне, — нечакана зьмяніла тэму Надзея Іванаўна. — Не пакідае адчуваньне, што нешта падобнае можа быць і ў нас. Людзі, якія ня маюць доступу да альтэрнатыўнай інфармацыі, бароняць Расею. Іх дужа цяжка пераканаць у тым, што менавіта ад Расеі варта чакаць небясьпекі. Такім я кажу: „Калі ў вас забяруць кавалак зямлі, ці будзе вы маўчаць? Расея захапіла Крым, разьвязала вайну...“ Некаторыя, пачуўшы такі довад, задумваюцца».
«Але я б не сказала, што тутэйшыя людзі хочуць аб’яднаньня з Расеяй. Прынамсі тыя, з кім мне даводзілася гаварыць, — дадае суразмоўніца. — З Расеяй яны жыць ня хочуць. Аднак многія з Крычава, Клімавічаў, Касьцюковічаў езьдзяць па харчы ў Расею, бо яна блізка і там таньней можна ўсё купіць. Я таксама, бывае, ежджу».
«Тое, што зьявілася мытня на мяжы, крычаўцы не вітаюць, — працягвае Надзея Іванова. — У Суражы, куды ходзіць дызэль з Крычава, паліцыя выбарачна спраўджвае пашпарты, аднак строгага кантролю пакуль няма. Расея баіцца наплыву мігрантаў, як мне падаецца. У Суражы не адчуваецца, што там Расея. І людзі гавораць, як у нас, на мяшанай беларускай і расейскай мовах. Мажліва, глыбей у Расею, дык там сытуацыя іншая і погляды таксама».
Суразмоўніца кажа, што 8 сакавіка, як раней, не адзначае. «Цяпер іншыя клопаты, дый часу няма на сьвяткаваньне», — дадае яна.
«Самае чакае маё сьвята — Вялікдзень, — кажа Надзея Іванова. — Яно самае чыстае і сьветлае. Часта на яго ежджу пад Мсьціслаў у Пустынкаўскі манастыр. Там адпачываю душой...»
«Беларусь — мая радзіма, і куды б я ні паехала, мяне сюды цягне на радзіму», — сказала Надзея Іванаўна пры канцы гутаркі.
«Дужа мару пра тое, каб Беларусь квітнела. Цяпер жа яна квітнее толькі па дзяржаўным тэлебачаньні і ў газэтах. А насамрэч мы становімся жабрацкай краінай, зь якой моладзь імкнецца зьехаць. Застаюцца тут зьнявераныя людзі, — патлумачыла сваю задумлівасьць суразмоўніца. — Якія ж мы шчасьлівыя, калі ў нас мізэрныя заробкі ды пэнсіі, калі людзі пазбаўленыя выбару ўва ўсім. Вось і трымаюцца таго, што маюць, ня бачачы прасьвету ў гэтым жыцьці...»