Падтрымаць Андрэя Шарэнду прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек.
«З выкарыстаньнем пляката і мікрафона ўдзельнічаў у пікетаваньні і шэсьці, чым паўторна цягам году парушыў закон „Аб масавых мерапрыемствах“», — зачытаў абвінавачаньне Шарэнды судзьдзя.
Андрэй Шарэнда заявіў, што ня лічыць сябе вінаватым, а працэс лічыць палітычным і тлумачэньняў таму даваць ня будзе.
Судзьдзя зрабіў папярэджаньне жонцы падсуднага — Паліне Шарэндзе-Панасюк. Яна кінула рэпліку пра тое, што ня лічаць дзейнае заканадаўства легітымным. Судзьдзя зрабіў ёй папярэджаньне аб магчымым выдаленьні з залі.
Андрэй Шарэнда заявіў хадайніцтва пра недавер судзьдзі праз тое, што яго жонцы міліцыянты заломвалі рукі. Пасьля перамоваў судзьдзя адхіліў хадайніцтва аб адводзе. Сьведка міліцыянт расказаў, што Шарэнда праз мэгафон выкрыкваў лёзунгі «Баста!», «Далоў Лукашэнку!» ды павёў шэсьце да аблвыканкаму, а потым у цэнтар гораду.
Яшчэ адзін сьведка-міліцыянт распавёў, што Шарэнда 26 лютага на плошчы Леніна крычаў «Ліс, сыходзь!» (Ліс — старшыня аблвыканкаму. — Р.С.), «Лукашэнка, сыходзь!» і наляпіў на ганку аблвыканкаму налепку з надпісам «Баста!».
Судзьдзя зачытаў матэрыялы справы, дастаў зь іх тую самую налепку «Баста!».
Далей судзьдзя прагледзеў два відэафайлы з «Маршу недармаедаў» 26 лютага, зьнятыя на мабільны тэлефон адным са сьведкаў-міліцыянтаў.
«Віна Шарэнды даказаная ў поўным аб’ёме», — сказаў судзьдзя і вынес прысуд: 25 базавых велічынь, альбо 575 рублёў.
«Кожны ў сьвеце мае права на мірны пратэст. Я не лічу сябе вінаватым і лічу гэты суд балаганам», — заявіў Андрэй Шарэнда.