У Слоніме зьбіраюць подпісы за наданьне адной з вуліц гораду імя Івана Шэгі

Іван Шэга, архіўнае фота 2016 году

Ініцыятыву прапанавалі на сойме Партыі БНФ, слонімскія актывісты яе падтрымалі.

Віктар Марчык, адзін са слонімскіх актывістаў, які займаецца зборам подпісаў за наданьне адной з вуліц імя Івана Шэгі, распавядае, што на іх ініцыятыву найперш адгукнуліся слонімцы, якія добра ведалі доктара Івана Шэгу.

— Мы далі толькі абвестку ў інтэрнэце, што зьбіраем такія подпісы, і адразу пачаліся тэлефанаваньні. Дык пакуль ходзім толькі да тых, хто нам патэлефанаваў. Гэта розныя людзі, прычым сярод іх і калегі спадара Шэгі, некаторыя нават самі ўзялі падпісныя лісты і зьбіраюць подпісы. Хто ведаў Івана Шэгу асабіста, вельмі цёпла пра яго згадваюць.

Паводле Марчыка, неабходна сабраць 200 подпісаў дзеля таго, каб у выканкаме разгледзелі іхную ініцыятыву. Але ён кажа, што подпісаў зьбяруць больш за дзьвесьце, а потым панясуць здаваць у райвыканкам.

— Мне нават зь іншых гарадоў людзі тэлефанавалі, калі пабачылі абвестку ў інтэрнэце. І самае цікавае, што яшчэ ніводзін са слонімцаў, да якіх зьвярталіся па подпіс нашы валянтэры, не запытаўся, хто такі Шэга. У нас горад невялікі, а доктара Шэгу ведалі ўсе. Ён заўсёды з павагай ставіўся да людзей, і гэтым самым яны адказваюць яму. Паглядзім толькі, як на нашу ініцыятыву адрэагуюць улады.

Доктар Іван Шэга быў сябрам сойму Партыі БНФ, спэцыялістам вышэйшай катэгорыі, які адпрацаваў траўматолягам у Слонімскай раённай бальніцы 30 гадоў.

Улетку 2013 году Шэга быў звольнены, як меркавалі яго аднапартыйцы, з палітычных матываў, хоць кіраўніцтва бальніцы гэта адмаўляла. Пасьля звальненьня заснаваў недзяржаўную установу «Шэгамэдкансульт».

Іван Шэга памёр 4 кастрычніка 2016 году ў Слоніме ад цяжкага анкалягічнага захворваньня. Яму было 63 гады.