Ленінскі суд Берасьця мае разгледзець адміністрацыйную справу берасьцейскага актывіста Андрэя Шарэнды, якога затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар 3 сакавіка. Мэдычная камісія лякарні будзе ацэньваць псыхічны стан Натальлі Папковай, якую прымусова зьмясьцілі ў псыхіятрычны стацыянар.
Пытаньне аб вызваленьні прэвэнтыўна затрыманых Андрэя Шарэнды і Натальлі Папковай задавалася напярэдадні пратэстоўцамі старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандру Рагачуку. Чыноўнік паведаміў, што іх вызваленьне не ў ягонай кампэтэнцыі, але абяцаў узяць гэтае пытаньне «на кантроль».
Паліна Шарэнда-Панасюк, жонка затрыманага Андрэя Шарэнды, паведаміла карэспандэнту Свабоды, што суд над яе мужам павінен адбыцца а 12 гадзіне ў Ленінскім раённым судзе Берасьця.
У часе ўчарашняга Маршу недармаедаў Паліна Шарэнда-Панасюк выступіла перад пратэстоўцамі і заклікала заўтра падтрымаць Андрэя на судзе:
«Андрэй Шарэнда мінулым разам павёў вас па вуліцы Савецкай. Яго схапілі і цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС. 6 сакавіка а 12 гадзіне над ім будзе так званы суд. Яны будуць яго судзіць паводле сваіх законаў. Я заклікаю ўсіх, хто зможа, прыйдзіце, калі ласка, падтрымайце чалавека, які ішоў за вас», — заявіла Паліна Шарэнда-Панасюк у часе акцыі.
Таксама 6 сакавіка адбудзецца пасяджэньне мэдычнай камісіі ў псыхіятрычнай лякарні, дзе прымусова ўтрымліваецца ўдзельніца берасьцейскага Маршу недармаедаў Натальля Папкова. Мэдычная камісія мае ацаніць псыхічны стан 30-гадовай дзяўчыны.