Між тым пра гэта кажуць абаронцы Курапатаў, спасылаючыся на прыватныя размовы з будаўнікамі.
«Прасілі не спасылацца на пэўных людзей, каб ім не дасталося ад начальства, але інфармацыя нібыта дакладная», — сказаў Свабодзе актывіст Уладзь Яроменак.
Паводле ягоных зьвестак, кіраўніцтва арганізацыі-забудоўніка таксама зьбіраецца адклікаць свае заявы ў міліцыю аб пашкоджаньні маёмасьці абаронцамі Курапатаў.
«Сказалі, ня хочуць рабочыя, каб іхнымі рукамі каралі хлопцаў, таму будуць адклікаць заяву», — паведаміў Яроменак.
Уладзь Яроменак мяркуе, што гэтым зьвесткам збольшага варта давяраць.
«Бо куды ім падзецца? Адновяць будоўлю — зноў зьбяромся і працаваць тут яны не змогуць. Мы нават ужо перадалі, што гатовыя дапамагчы з разборкай плоту да прыборкай тэрыторыі, каб і сьледу не засталося».
Сяргей Пальчэўскі так пракамэнтаваў навіну пра магчымы дэмантаж будоўлі:
«Выдатна! Значыць, недарэмна я клаўся пад „МАЗ“, раз яны саступаюць. Зразумелі нешта — у прыватнасьці, што гэта стоадсоткава паўторыцца, калі зноў пачнуць будаўніцтва».
Прафсаюзны актывіст Рыгор Грык сказаў: «Падобна, што гэта праўда. Мяркую па тым, што Аляксандр Рыгоравіч дагэтуль адмоўчваецца».
Валянтэрка Вікторыя Аляксандрава ставіцца да зьвестак ад будаўнікоў больш скептычна. «Баюся, каб празь месяц-два ўсё не аднавілася. Калі забудоўніку і дадуць новы кавалак зямлі, дык што зробяць з гэтым? Камусьці выдзяляць, і ўсё пачнецца зноў? Ведаючы гэтыя норавы, я б не сьпяшалася радавацца».
Жыхарка дома № 49 па вуліцы Мірашнічэнкі, наадварот, ня ўтойвае аптымізму.
«Нават ня верыцца! З майго акна відаць будоўлю. Як убачыла, што пачалі кранам выцягваць бытоўкі, дык адразу прыбегла сюды. Гэта ж якія хлопцы малайцы, бязь іх мы б гэта не спынілі!» — кажа жанчына.
Празь 5 хвілін ўжо некалькі мясцовых жыхароў, у асноўным людзей пажылога веку, прыйшлі ў лягер, каб спраўдзіць зьвесткі пра спыненьне будоўлі. «Мы сабралі больш за тысячу подпісаў супраць гэтай будоўлі, але калі б ня хлопцы, думаю, да нас бы не прыслухаліся», — выказалася жанчына, якая прасіла яе не фатаграфаваць.
Тым часам кран выцягнуў з будоўлі яшчэ адну бытоўку, а на легкавіках будаўнікі вывезьлі зьвязку аранжавай сеткі і плястыкавыя блёкі, якімі агароджваюць месца рамонтных работ.
«Зьвяртайцеся да начальства, не да нас, вы ж прэса, усё і так ведаеце», — адказаў будаўнік на мае просьбы патлумачыць, што адбываецца з будаўніцтвам.
У лягер абаронцаў Курапатаў людзі прынесьлі пачак з печывам і два тарты. «Запрашаем сьвяткаваць! Калі і не спыненьне будоўлі, дык пэўна прыход вясны», — кажа валянтэрка Вікторыя.
У лягер абаронцаў Курапатаў прыйшоў вядомы пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Спадар Арлоў сказаў, што мае намер кожнаму, хто ёсьць у лягеры, падараваць сваю кнігу «Імёны свабоды» з аўтографам. Першаму пісьменьнік уручыў кнігу актывісту Сяргею Пальчэўскаму.