Мастак прадставіў сваё міждысцыплінарнае дасьледаваньне пра колеры Беларусі ў 80 фатаздымках. Выстава праходзіць у межах міжнароднага праекту разьвіцьця культурнай спадчыны CHOICE.
«Сваю дасьледчую працу я пачаў у 2009 годзе. І не адчуваю, што скончыў яе. Мая выстава скіравана да народу Беларусі. Празь яе можна ўмацаваць сваю ідэнтычнасьць і менш трапляць пад вонкавыя ўплывы і быць нармальным народам, мець будучыню», — расказаў дызайнэр Міхал Анемпадыстаў.
Пра кожны фатаздымак, паводле мастака, можна напісаць невялікую брашуру, аднак на выставе ніводнае фота ня мае подпісу. Так зроблена знарок, каб глядач самастойна падумаў, угледзеў сэнс.
Улюбёнай працы ў аўтара праекту няма. Міхал кажа, што блінец яму падабаецца. «Праўда, такіх блінцоў магу наздымаць тысячы, і яны ўсе будуць клясныя», — кажа Анемпадыстаў.
«У 70-х — 80-х гадах мы мысьлілі культуралягічнымі праектамі. Гэта ўнікальнае пакаленьне, якое рэалізавалася ў літаратуры, культуралёгіі ды многіх іншых дысцыплінах. Міхал Анемпадыстаў — адзін з найбольш яскравых і вядомых прадстаўнікоў таго, нашага пакаленьня», — распавёў этнакультуроляг і мастак Тодар Кашкурэвіч.
Міхал Анемпадыстаў прапануе паглядзець на колер у простых бытавых рэчах, на якія мы часта не зьвяртаем увагу і ня лічым іх каштоўнымі. На фатаздымках мастака — посьцілкі, фіранкі, посуд. Ёсьць архітэктурныя пабудовы і прырода.
«У захапленьні ад выставы! У мяне таксама ёсьць шмат фатаздымкаў, сярод якіх бульба, буракі, плот, трава. Глядзець на простыя рэчы — сапраўднае замілаваньне. Таму ў асобе Міхала Анемпадыстава бачу родную душу. Хачу падкрэсьліць, што ён наш Калюмб, першаадкрывальнік, які вокам мастака дасьледуе паўсядзённасьць і побыт. Тэма колераў у беларускай культуры вельмі актуальная для нашага часу, яна прысутнічае і ў літаратуры, і музыцы, тэатры», — распавяла Леніна Міронава, прафэсарка беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтва, былая выкладчыца Анемпадыстава.
У сакавіку выйдзе кніга Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі» ў выглядзе альбому.
«Кніга — гэта спроба вылучыць колеры ўстойлівага падабаньня, якія падабаліся доўгі час, цягам стагодзьдзя, напрыклад. Задаўся мэтай знайсьці такія колеры менавіта ў беларускай культуры. Кніга тычыцца гісторыі і культуры Беларусі», — расказаў Міхал.