Украінскі пісьменьнік Сяргей Жадан на сваёй афіцыйнай старонцы ў фэйсбуку гэтак пракамэнтаваў інтэрвію Міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча.
На сустрэчы з журналістамі, адказваючы на пытаньне «Нашай Нівы» пра затрыманьне Сяргея Жадана ў Менску на пачатку лютага, міністар сказаў: «Я добра ведаю ўкраінскую літаратуру, вывучаў яе 17 гадоў. Пісьменьніка Жадана я ня ведаю, магчыма да свайго сораму. Агулам у сьпісе непажаданых больш за 1 мільён 700 тысяч чалавек. Зь іх больш за 500 тысяч грамадзян Украіны».
11 лютага Сяргею Жадану, які прыехаў у Менск на літаратурны фэстываль, паставілі штамп у пашпарт аб забароне на ўезд у Беларусь на нявызначаны тэрмін. У нумар гатэлю ў Менску каля дзьвюх гадзін ночы да яго ўварваўся міліцэйскі патруль. Нічога не тлумачачы, міліцыянты даставілі Сяргея Жадана ў пастарунак.
Сяргей Жадан распавёў Свабодзе, што ў 2015-м годзе яму быў забаронены ўезд на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі з фармулёўкай «за датычнасьць да тэрарыстычнай дзейнасьці». Сьпіс непажаданых асобаў у Расеі агульны зь Беларусьсю і Казахстанам.
Аднак пасьля афіцыйных пратэстаў з боку Міністэрства замежных спраў Украіны беларускія ўлады анулявалі забарону на ўезд Жадана ў Беларусь. Рашэньне было прынятае цягам некалькіх гадзін.