Вялікая трагедыя маленькага чалавека

Алег Дашкевіч

Пачаўся суд над Уладам Казакевічам, хлопцам, які забіў жанчыну бэнзапілой. Такі наш аналяг героя вядомага галівудзкага фільма «Омэн».

Сядзіць у клетцы, з выгляду звычайны хлопец, робіць заявы, відавочна правакуючыя суд прысудзіць яму найвышэйшую меру пакараньня.

За плячыма ў дзецюка васямнаццаць гадоў жыцьця й спробы суіцыду. Псыхалягічная экспэртыза прызнала яго цалкам нармальным. Што прымусіла цалкам нармальнага чалавека дайсьці да такой ступені жыцьцёвага адчаю?

Фэйсбук з гэтай сумнай нагоды падзяліўся разважаньнямі майго прыяцеля Паўла Холада, якія варта працытаваць:

«Прачытаў рэпартаж пра суд над хлопцам, які забіў жанчыну бэнзапілой і падумаў, што гэта суд ня столькі над ім, колькі над намі. Гэты чалавек (а па сутнасьці яшчэ дзіця), які заяўляе, што выйшаўшы з турмы, будзе зноў забіваць, ня страціў розум і не фанатык. Гэта проста чалавек без душы, ці дакладней з душой, якая не раскрылася.

Звычайна душа чалавека, народжанага ў сьвет, раскрываецца насустрач любові, у першую чаргу матчынай любові. І нават самы апошні злачынца ўрэшце здольны на раскаяньне менавіта таму, што ў яго калісьці была закладзеная часьцінка гэтае любові. Але ў дадзеным выпадку перад намі дзіця, якое ня мае ў душы ні кроплі тае любові — галоўным чынам, да самога сябе.

Ён — чужы ў гэтым сьвеце.

Чаму так здарылася, ня мне судзіць. Я пра яго і яго бацькоў нічога ня ведаю. Але па ягоных вачох бачу, што гэта чалавек ня дрэнны і ня добры, а проста... які ня мае душы. А чалавек, які ня мае душы, спрабуе зьнішчыць сябе і ўвесь сьвет, і абавязкова зробіць тое ці іншае.

Сытуацыя гэтая — экзамэн усім нам. Што мы будзем рабіць з чалавекам, дзіцём, які абяцае забіваць, выйшаўшы на волю. І які несумненна будзе гэта рабіць?

Перавыхаваць яго, баюся, немагчыма, забіць ці даць яму забіць самога сябе, значыць расьпісацца ва ўласнай нямогласьці.

Але факт застаецца фактам: калі чалавек у раньнім узросьце не атрымаў любові, то ў больш позьнім узросьце ён сам яе ня прыме. Бо ўжо позна.

Таму любіце сваіх дзяцей, любіце людзей, якія атачаюць вас.

Быць можа вы ўратуеце каго-небудзь ад паўтарэньня лёсу Ўлада Казакевіча».

Любоў — галоўная каштоўнасьць і адначасова галоўны дэфіцыт нашага сьвету. Калі яе нестае, любоў спрабуюць прысабечыць гвалтам, купіць, забраць, скрасьці, прыкарміць, дабіцца ў правільны й няправільны спосаб.

Яе прагне кожная істота на зямлі, бо бяз гэтае субстанцыі немагчыма жыць. Як ня можна жыць бяз сонечнага сьвятла й цяпла. І калі яе няма, яе месца ў душы запаўняе іншая субстанцыя — нянавісьць... Роўна настолькі, на колькі там няма любові.

Але нянавісьць ня можа пранікнуць у душу сама па сабе, яна ня можа выціснуць любоў з душы чалавека. Для таго, каб вызвалілася месца для халоднай нянавісьці, мусіць быць дзіра, празь якую любоў выцякае. Такая дзіра называецца здрада.

Дзеля таго, каб дараваць здраду й загаіць тую дзіру ў душы, трэба мець вялікія сілы, калі гэтых сілаў не стае, то любоў працягвае выцякаць і чалавек, умоўна кажучы, бярэ ў рукі бэнзапілу.

Чыя здрада давяла Ўлада Казакевіча да тае бэнзапілы? Калі да яго, нібыта з сэрыялу пра Гары Потэра, падабраліся дэмэнтры, якія высмакталі любоў, што належала адно яму? Хто ўвасабляў тых дэмэнтраў? Пытаньні, адказ на якія ведае толькі ён.

Улад Казакевіч — гэта вялікая трагедыя маленькага чалавека.

Што парадзіць усім нам?

Хіба, пастарацца ня здраджваць. Хаця б маленькім людзям вакол нас.

З маленькай здрады растуць вялікія здрады, якія пасьля ператвараюцца ў бэнзапілы, ва ўжо халодных і бязьлітасных руках.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.