«Прычына (інфармацыйнай вайны супраць міліцыі — РС) у тым, што сёньня МУС — гарант міру і спакою ў краіне. Разумеючы гэта і спадзеючыся на пэўны плён дыскрэдытацыі праваахоўных органаў, некаторыя апанэнты ўлады абгрунтавана лічаць, што, паслабіўшы гэтую структуру, зганьбіўшы яе ў вачах людзей, яны змогуць рэалізаваць свае пляны наконт зьмены сацыяльнага ладу і палітыкі нашай дзяржавы», — заявіў Ігар Шуневіч у інтэрвію газэце «СБ-Беларусь сегодня».
Па словах Шуневіча, сёньня міліцыю спрабуюць штучна супрацьпаставіць грамадзтву:
«Падобны ціск з боку рознага кшталту пісак і гарлапанаў адчуваюць цяпер і іншыя прававыя дзяржаўныя інстытуты. Гэта маё цьвёрдае перакананьне, і яно сфармаванае не на пустым месцы: я вельмі добра ведаю, хто піша, дзе гэтаму навучыўся, чыімі грашыма гэта аплочваецца. І я цудоўна ведаю, якія мэты перасьледуюць працадаўцы гэтых людзей. Кожнаму такому „рэвалюцыянэру“ я хацеў бы нагадаць, як любая рэвалюцыя ставіцца да сваіх дзяцей — яна іх проста пажырае з часам».
Пры гэтым Шуневіч прызнаў, што «статыстыка злачынстваў, учыненых супрацоўнікамі органаў унутраных справаў, пакуль сурʼёзна турбуе ўсё кіраўніцтва МУС». Але, паводле яго, сёньня «рэлігія МУС — навядзеньне парадку ва ўласных шэрагах».
Шуневіч паведаміў, што сёньня на 100 тысяч насельніцтва прыпадае 405 супрацоўнікаў МУС.
Кіраўнік МУС у інтэрвію таксама выказаўся наконт інцыдэнту ў навагоднюю ноч, калі ў доме на вуліцы Любімава ў Менску міліцыянт зь пісталету цяжка параніў менчука.
«Паводле ацэнкі МУС (падкрэсьліваю, ня Сьледчага камітэту, які вядзе расьсьледаваньне), у дзеяньнях супрацоўніка ня бачыцца парушэньняў заканадаўства, нашых інструкцыяў і мэтодык... Тут я стаўлю шматкропʼе і дадаю: грубых парушэньняў. Якія маглі б легчы ў аснову прыцягненьня яго да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасьці. Разам з тым у асабістай гутарцы з гэтым супрацоўнікам я параіў яму факультатыўна, за кошт асабістага часу надаць увагу свайму фізычнаму разьвіцьцю і псыхалягічнай гатоўнасьці да экстраных сытуацыяў», — распавёў Шуневіч.
Шуневіч яшчэ раз пракамэнтаваў сваё зьяўленьне на парадзе 9 траўня 2015 году ў форме супрацоўніка НКВД. Паводле міністра, ён апранае гэтую форму «кожны год 9 траўня», каб выказаць павагу да супрацоўнікаў міліцыі, якія загінулі падчас вайны і пасьля яе. Шуневіч сказаў, што форму камісара НКВД ён пашыў сабе «паводле ўнутранага перакананьня і за ўласны кошт».