«Памятаю, як раскрылі першага нябожчыка», — удзельнік раскопак у Курапатах Мікола Крывальцэвіч ФОТА

Гісторык Мікола Крывальцэвіч

Дваццаць дзевяць гадоў таму ў ліпені 1988 году ў Курапатах праводзіліся раскопкі і эксгумацыі ямаў-магілаў. Кандыдат гістарычных навук, археоляг Мікола Крывальцэвіч быў адным з трох археолягаў, якія ўдзельнічалі ў раскопках. Сёньня навуковец згадвае, як гэта адбывалася, а таксама тлумачыць, у якіх межах знаходзяцца пахаваньні і дзе яшчэ могуць быць масавыя магілы.

Мікола Крывальцэвіч: Раскопкі працягваліся ўсяго 10 дзён у ліпені 1988 году. Гэта быў час, адведзены для эксгумацыі магілаў. Была нейкая спустошанасьць і разуменьне таго, якая страшная трагедыя тут адбывалася. Працавалі пад татальным кантролем, напружаньне было велізарнае, адказнасьць вялікая. Мы маладыя былі, пачыналі толькі навукай займацца.

Я памятаю, як працавалі ў глыбіні ямы і расчышчалі парэшткі расстраляных людзей... Памятаю, як у другой магіле «раскрылі» першага нябожчыка, які быў больш чым у рэалістычнай позе — проста раскінутыя рукі і ногі, ляжаў на сьпіне, галава закінутая. Адразу можна было зразумець, што гэта — забіты чалавек, якога проста кінулі ў яму зьверху на забітых людзей. Гэта ўражвала. Там быў Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў... Гэта быў першы дзень раскопак, і адразу ўсім стала зразумела, што тут адбывалася.

Фота з архіву Зянона Пазьняка.

Хтосьці сумняваўся, хтосьці хацеў паказаць, што такога не было. Пасьля першага адкрыцьця магілы было ясна, што там адбывалася. Я памятаю, як мы сядзелі ў глыбіні ямы, і зьверху ці супрацоўнікі КДБ, ці партыйныя работнікі казалі, што гэта не маглі савецкія людзі зрабіць, гэта нехта іншы зрабіў. Крыўдна і цяжка слухаць гэта было.

Ганна Соўсь: Колькі чалавек бралі ўдзел у раскопках, і хто гэта быў?

Крывальцэвіч: З археолягаў былі Зянон Пазьняк, Алег Іоў і я. Тры археолягі толькі працавалі, а таксама вялікая колькасьць экспэртаў — крыміналістаў, мэдыкаў... Шмат людзей назіралі за ўсім гэтым — панятыя, работнікі пракуратуры.

Соўсь: Колькі парэшткаў людзей вы раскапалі?

Крывальцэвіч: Шэсьць пахаваньняў выяўлена было. Праверачныя шурфы і траншэі рабіліся ў другіх зонах, каб спраўдзіць, ямы гэта ці не. Былі сьведкі, якія расказвалі, што яны бачылі, і ў тых месцах шурфы рабіліся. Было знойдзена шэсьць пахаваньняў, і ўсе гэта былі пахаваньні расстраляных людзей. На падставе матэрыялаў было зроблена заключэньне, апублікаванае ў 1989 годзе, пра тое, што гэта расстрэлы, якія рабіліся НКВД у канцы 1930-х гадоў і да пачатку вайны.

Соўсь: Называюцца розныя лічбы расстраляных — ад 30-40 тысяч да 250 тысяч расстраляных. Вы як навуковец да якой лічбы больш схіляецеся?

Крывальцэвіч: Максымальная лічба, якая выдавалася паводле падлікаў у пахаваньнях, рабілася з разьліку на тое, што раней частку нябожчыкаў ужо дасталі з магілаў і кудысьці вывезьлі, а затым частка пахаваньняў была разбураная дарогай, траншэямі і лесапасадкамі. Усё гэта бралася ў разьлік бралася, і лічба вызначалася ледзь не 250 тысяч расстраляных. Я думаю, што ўсё ж меншая лічба павінна быць, таму што наступныя эксгумацыі паказвалі, што ня ўсе западзіны — гэта безумоўныя пахаваньні. Візуальна ня ўсё можна вызначыць адназначна. І таму у межах некалькіх дзясяткаў тысячаў чалавек як мінімум там было расстраляна.

Соўсь: Што адбылося з парэшткамі людзей, зь іх рэчамі? Дзе яны знаходзяцца?

Крывальцэвіч: Цяжка сказаць. Гэта ўсе праводзіла Пракуратура БССР. Усе матэрыялы забралі экспэрты. Мы таксама ўсё фіксавалі і адлюстравалі ў нашых справаздачах. Манэты, партманэ, паперы дасьледавалі ў лябараторыях. Былі мэдычныя, балістычныя заключэньні, была экспэртыза каронак, тэхнікі пратэзаваньня. Усё рабілі вельмі добрыя спэцыялісты. Заключэньні былі дадзеныя надзвычай паўнавартасныя і глыбокія. Што адбывалася далей, я ня ведаю, і ніхто з нас ня ведае. Ці гэта захоўваецца? Трэба пытацца ў пракуратуры...

2009 год. Археоляг Мікола Крывальцэвіч паказвае знойдзеную бутэлечку зь лекамі, якія часта трапляліся і пры эксгумацыі магіл у Курапацкім лесе

Соўсь: Ці могуць быць часткі пахаваньняў на тэрыторыі, якую цяпер спрабуюць забудаваць?

Крывальцэвіч: Асноўная канцэнтрацыя магілаў, асноўная частка магілаў, якія дасьледаваліся, была ва ўзвышанай частцы Курапатаў. Калі вызначалася ахоўная зона, браліся да ўліку западзіны, якія нагадвалі пахаваньні, на ўсёй тэрыторыі ўрочышча Курапаты. І тады была вызначаная зона непасрэдна саміх пахаваньняў і ахоўная зона за межамі пахаваньняў. У той частцы, дзе цяпер праводзіцца будаўніцтва, безумоўна, пахаваньняў не было. Гэта быў забудаваны ўчастак мікрараёну, шукаць там не было ніякага сэнсу.

Соўсь: Ці магло там быць што-небудзь да таго, як пабудавалі дамы і дарогу?

Крывальцэвіч: Вельмі цяжка сказаць. Мы працавалі ў лясной зоне. Яна была непарушаная, там паверхня добра праглядалася, магілы захаваліся. Праводзіліся дасьледаваньні некаторых магілаў, вызначалася заканамернасьць, як можна візуальна вызначыць зоны іх распаўсюджаньня. Тое, што было па-за лесам, па-за гэтай зонай — усё даўно было парушана праз будоўлі дамоў і дарогі.

Соўсь: Якое ваша сталеньне да зьмяншэньня ахоўных зонаў, пасьля чаго ў невялікай адлегласьці ад урочышча магчымае будаўніцтва?

Крывальцэвіч: Я ня ведаю сапраўдных матываў зьмяншэньня зонаў. Я не ўдзельнічаў у гэтым, калі вызначаліся апошнія варыянты ахоўных зонаў і зонаў распаўсюджаньня магілаў. Безумоўна, назіраецца тэндэнцыя зьмяншэньня ахоўных зонаў. Адчуваецца, што хочуць вызваліць частку гэтай тэрыторыі для нейкіх будаўнічых работ. Хаця, каб запабегчы магчымых разбурэньняў і захаваць саму тэрыторыю, зоны аховы павінны быць значна шырэйшыя. Мы сваю працу зрабілі, вызначылі межы распаўсюджаньня саміх магілаў і вызначылі зону, дзе яны могуць яшчэ сустракацца, гэта значыць ахоўную зону. Гэтая тэрыторыя была большая, чым цяпер, каб запабегчы магчымых разбурэньняў, каб тэрыторыя мела большы ахоўны статус.

Соўсь: Вакол Курапатаў ізноў адбываецца супрацьстаяньне, ужо ня першае. Як вы мяркуеце, чаму гэта адбываецца ізноў і ці так будзе заўсёды?

Крывальцэвіч: Гэта зьвязана са стаўленьнем ўладаў да праблемы рэпрэсій, да зьнішчэньня людзей за савецкім часам. Патрэбная сапраўдная ацэнка падзей, якія адбыліся. Пакуль ня зьменіцца такое стаўленьня, безумоўна, будзе гэтае супрацьстаяньне. Пакуль усе не пакаюцца і не прызнаюць, што адбылося самае страшнае, што трэба ад яго адмовіцца і жыць іншым жыцьцём, Курапаты будуць лякмусавай паперай...

***

Каля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты», дзе былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Белрэканструкцыя» вядзе будаўніцтва офіснага цэнтру.

Забудоўнік лічыць, што будаваць на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу законна, бо яна «ўжо не ахоўная тэрыторыя», а абаронцы Курапатаў з гэтым нязгодныя. Адміністрацыя Савецкага раёну Менску тлумачыць, што зямельны ўчастак плошчай 0,32 га быў выдзелены пад будаўніцтва ў выніку аўкцыёну, які прайшоў 26 чэрвеня 2013 году.

Паводле апошняй вэрсіі межаў зонаў аховы Курапатаў, зацьверджанай у 2014 годзе, будоўля-2017 не трапляе ні ў ахоўную зону, ні ў зону рэгуляванай забудовы.

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць суды супраць Генэральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і пэрсанальна супраць Ігара Чарняўскага, які ўзначальваў у Міністэрстве дэпартамэнт аховы гістарычна-культурнай спадчыны.

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).