23 лютага жыхары і актывісты правялі сход каля будоўлі офіснага цэнтру каля Курапацкага лесу. Яны запатрабавалі ад Менгарвыканаму спыніць будоўлю, якую лічаць незаконнай.
У сходзе ўзялі ўдзел палітыкі — адзін зь лідэраў БХД Павал Севярынец, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч.
У сваім выступе Павал Севярынец сказаў, што месца, дзе вядзецца будоўля, уваходзіць у вельмі сур’ёзную ахоўную зону.
«Аднак гэтую зямлю прадалі на аўкцыёне. Гэта страшнае парушэньне закону», — сказаў Павал Севярынец.
Ён заклікаў падпісваць агульныя звароты ў дзяржаўныя ўстановы супраць распачатага будаўніцтва, а таксама дасылаць у Менгарвыканкам індывідуальныя звароты. Павал Севярынец таксама запрасіў прысутных прыйсьці на прыём да старшыні Менгарвыканкаму Шорца 1 сакавіка і «зрабіць дзень спыненьня будоўлі».
«Наш сход пераходзіць у пастаянную абарону. Калі будаўнікі адновяць працу, то мы зноў зьбяром сход», — сказаў Павал Севярынец.
Паводле Севярынца, супрацоўнікі «Зелянбуду» сьпілавалі ў Курапацкім лесе дрэвы, якія былі выкарыстаныя як слупы для агароджы, якой абнесеная будпляцоўка.
«Гэты крывавы плот вельмі нагадвае той плот, які быў у 30-х гадах. Наша патрабаваньне да ўладаў гораду — будоўлю гэтую спыніць», — сказаў Севярынец.
Палітык заклікаў мясцовых жыхароў падтрымаць пратэстоўцаў.
Аляксей Янукевіч у сваім выступе сказаў, што Таварыства аховы помнікаў зьвярнулася ў КДБ, каб адбылося расьсьледаваньне пачатага будаўніцтва.
«Тут карупцыя відавочная», — лічыць Янукевіч.
Зьміцер Дашкевіч сказаў, што абаронцам Курапатаў удалося запаволіць будоўлю, «але што будзе далей, залежыць ад нас».
Жыхары бліжэйшых дамоў таксама выказалі нязгоду з будаўнікамі. Адна з жанчын нагадала ў сваім выступе, што пытаньне пра будаўніцтва ўздымалі яшчэ ў сьнежні мінулага году. Аднак на запыты да ўладаў яны не атрымалі адказаў.
«Мы сабралі каля 800 подпісаў з чатырох дамоў пад зваротам. Давайце разам ахоўваць нашу тэрыторыю. Мы самі можам яе добраўпарадкаваць. Ці можна будаваць такія цэнтры на касьцях людзей?», — сказала выступоўца.
Будаўнікоў, якія выходзілі з пляцоўкі, прысутныя сустракалі воклічам «Ганьба!».
«Калі беларусы разам, то ніхто гэтую сілу не пераможа»
На сход у падтрымку абаронцаў Курапатаў сабралася больш за 50 чалавек: да актывістаў, якія аднавілі лягер пасьля начнога нападу, далучыліся жыхары суседніх дамоў.
Актывісты паставілі другі намёт, замест двух сарваных бел-чырвона-белых сьцягоў было прынесена шэсьць новых.
Заклікі спыніць будоўлю суправаджаліся бурнымі аплядысмэнтамі мітінгоўцаў. Удзельнікі мітынгу аднагалосна прагаласавалі за спыненьне будоўлі.
Палітыкі Павал Севярынец, Аляксей Янукевіч і Зьміцер Дашкевіч абвясьцілі свабодны мікрафон і запрасілі ўсіх ахвотных выступаць.
«Калі беларусы разам, то ніхто гэтую сілу не пераможа», — заявіў Севярынец.
Некаторыя мясцовыя жыхары прыйшлі на мітынг разам зь дзецьмі.
«Я далучылася да акцыі пратэсту, бо жыць тут хутка стане немагчыма», — сказала жыхарка аднаго з суседніх дамоў Сьвятлана. Жанчына прыйшла з усёй сямʼёй, каб падтрымаць абаронцаў Курапатаў.
«Увесь двор перагароджаны, „хуткая“ ня зможа падʼехаць, калі каму стане кепска. Унукам няма дзе гуляць. Дый мэмарыял — месца сьвятое, нельга будаваць тут розныя офісы», — сказала Сьвятлана.
Адзін з абаронцаў Курапатаў Алесь Кіркевіч, які быў паранены падчас нападу ўначы, вярнуўся ў лягер.
«Сёньня не плянуецца правакацыяў такога кшталту. Калі што і адбудзецца, то ў іншай форме. Мы з паплечнікамі будзем несьці вахту і надалей», — заявіў ён.
Падчас мітынгу актывісты зьбіралі подпісы пад чарговым калектыўным зваротам, які заўтра будзе перададзены ў Генпракуратуру і Міністэрства культуры.