«За нашу і вашу незалежнасьць», — у Менску ўшанавалі памяць Нябеснай сотні

Ва ўкраінскай амбасадзе ў Менску адбылася вечарына, прысьвечаная памяці ахвяраў масавага расстрэлу на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве ў 2014 годзе ў час Рэвалюцыі Годнасьці.

Падчас яе часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Валеры Джыгун абвясьціў, што беларусу Міхаілу Жызьнеўскаму, які загінуў на Майдане, будзе пасьмяротна нададзенае грамадзянства Ўкраіны; такім чынам, паводле ўкраінскага заканадаўства, як і ўсе героі Нябеснай сотні, ён мае стаць Героем Ўкраіны.

Вядоўца Натальля Бабіна распачала імпрэзу, запрасіўшы да мікрафону часовага паверанага ў справах Валерыя Джыгуна.

Валеры Джыгун

— Ужо трэці год у канцы лютага мы згадваем тых, хто аддаў свае жыцьці на Майдане. Украінскі вольны дух прымусіў гэтых людзей не клапаціцца пра свой лёс, а з годнасьцю, высока ўзьняўшы галаву, выйсьці на вуліцы Кіева, — прамовіў Валер Джыгун пасьля хвіліны маўчаньня. — Асабліва хочацца прыгадаць Міхася Жызьнеўскага, які змагаўся ня толькі за Ўкраіну, але і за будучыню радзімы. Ён загінуў за сувэрэнітэт Украіны і Беларусі, за вашу і нашу незалежнасьць. Днямі я сустракаўся з маці Жызьнеўскага, Нінай Васілеўнай, і паведаміў, што яе сын пасьмяротна стане ўкраінскім грамадзянінам.

Апрача таго, кіраўнік амбасады прыгадаў Алеся Чаркашына — берасьцейца, загінулага на Данбасе ў жніўні 2015-га. Дыплямат падкрэсьліў: 20 лютага 2014 году адбыўся ня толькі расстрэл Нябеснай сотні, але і пачалася расейская анэксія Крыму.

— Варта памятаць пра тое, што і сёньня ў Крыме ўкраінскіх патрыётаў і крымскіх татараў кідаюць за краты. Але мы выстаім, мы пераможам любога ворага, — сказаў ён напрыканцы прамовы.

Пасьля выступу часовага паверанага гасьцям амбасады прадэманстравалі 25-хвілінны дакумэнтальны фільм пра падзеі на Майдане. Гэта была хроніка пратэсту: ад кадраў, на якіх некалькі дзясяткаў чалавек у цэнтры Кіева сьпяваюць украінскі гімн і трымаюць нацыянальныя сьцягі да выяў ахопленага агнём шматтысячнага Майдану.

Затым слова ўзяў старшыня Камітэту салідарнасьці з Украінай Ігар Рынкевіч.

Ігар Рынкевіч (архіўнае фота)

— Калі распачаліся пратэсты, некаторыя з нашых актывістаў паехалі ў Кіеў, іншыя засталіся тут і зьбіралі цёплыя рэчы, ежу, каб перадаць яе пратэстоўцам. Галоўнае, што вашая барацьба не пакінула абыякавымі беларусаў. Мы зразумелі: толькі разам магчыма супрацьстаяць імпэрскаму рэваншызму. А расьсьледаваньне расстрэлу застаецца актуальным, пакуль ня будуць дакладна ўстаноўленыя асобы снайпэраў-злачынцаў, — сказаў Рынкевіч.

Тры гады таму Камітэт салідарнасьці паўстаў як грамадзкая ініцыятыва тых, хто выступіў у падтрымку Ўкраіны. Паводле Рынкевіча, сёньня ў склад Камітэту ўваходзяць каля 70 сталых удзельнікаў.

— За час нашай працы мы накіроўвалі звароты ў Міністэрства замежных спраў, пратэставалі супраць удзелу расейскіх вайскоўцаў у парадзе на Дзень перамогі ў Менску, зьбіралі подпісы за адкрыцьцё ўкраінскага тэлеканалу ў Беларусі, вазілі гуманітарную дапамогу ў зону баявых дзеяньняў пад Марыюпалем. А ў суполцы камітэту ў Facebook мы спрабуем яднаць усіх неабыякавых да лёсу Ўкраіны. Дарэчы, там ужо 5 тысяч падпісчыкаў, сярод якіх ёсьць і расейцы, — распавёў Рынкевіч карэспандэнту Свабоды.

Паэт і бард Зьміцер Захарэвіч прачытаў прысутным вершы, напісаныя падчас ягонай творчай камандзіроўкі на Данбас, дзе ён выступаў перад украінскімі вайскоўцамі «літаральна ў акопах і на блёкпастах».

Беларускі гісторык, кандыдат навук Віктар Кахновіч, які таксама наведаў імпрэзу, падзяліўся са Свабодай сваімі думкамі з нагоды трэцяй гадавіны гібелі Нябеснай сотні:

— Майдан стаў ніткай, якую выцягнулі з майго лёсу. Памятаю, як шчыра я зьдзівіўся, калі людзі вырашылі стаяць да канца проста таму, што паважаюць сябе. Спачатку я быў настроены скептычна: ну сабраліся людзі, пастаяць, і хутка іх разгоняць. Але неўзабаве ўсе пабачылі: за некалькі дзён Украіна зрабіла выбар і народны гнеў перамог, перамалоў гады маўчаньня.

***

Вечар салідарнасьці з Украінай памяці Герояў Нябеснай Сотні пройдзе 22 лютага ў сядзібе Партыі БНФ у Менску (вуліца Чарнышэўскага, 3) а 18 гадзіне.

18-20 лютага 2014 году адбыліся масавыя сутычкі пратэстоўцаў на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве. Снайпэры адкрылі агонь па натоўпе, у выніку загінулі 106 чалавек. Экс-прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч быў вымушаны пакінуць пасаду і ўцячы ў Расею.