Уладальніку “Сакубу” пагражае 10 гадоў турмы за Курапаты?
Дзіўнае спалучэньне – найбуйнейшая турыстычная кампанія ў Беларусі “Сакуб” і ўрочышча Курапаты пад Менскам, дзе карнікі НКВД расстралялі ў 1937-41 гг. сотні тысячаў людзей. Тым ня менш сувязь ёсьць…
Трапіў мне нядаўна на вочы артыкул зь “Ежедневника” пра тое, што да 10 гадоў пазбаўленьня волі патрабуе асудзіць пракурор арыштаванага два месяцы таму ўладальніка кампаніі “Сакуб” Сяргея Букаса.
Ініцыятарам арышту стаў грамадзянін Нямеччыны Ганс Горнбахер. Скандал узьнік на глебе кіраваньня кампаніяй "Горнбахер і Боль", якая была створаная для інвэстыцыйнай дзейнасьці ў будаўнічых праектах. Кампанія "Сакуб" і немец маюць там роўныя часткі. Ня буду пераказваць доўгія ўзаемныя прэтэнзіі (іх вельмі шмат, і ня ў іх прычына), але праблемы ў кампаніі пачаліся, калі спынілася рэалізацыя праекту будаўніцтва элітнага пасёлку “Сонечны” пад Менскам.
А гэты пасёлак у 2003 годзе плянавалася будаваць у непасрэднай блізкасьці да Курапатаў, мэтраў за 15-20. Памятаю, як ужо былі завезеныя пліты, яны ляжалі ля Курапацкага лесу. Я тады асьвятляла гэтую тэму ў эфіры “Свабоды”, і памятаю хвалю абурэньня грамадзкасьці тым, што нямецка-беларуская кампанія хоча пабудаваць элітныя дамы ля месца расстрэлаў. Памятаю, як ва ўправе Партыі БНФ палітыкі зьбіраліся пісаць лісты-скаргі ў Бундэстаг. Як праводзілі пікеты супраць будаўніцтва пасёлку сябры КХП БНФ. Як супрацоўнікі “Сакубу” спрабавалі паказаць, што яны прыхільна ставяцца да Курапатаў і пасадзілі ўздоўж лесу зь дзясятак бярозак, а іх потым вырвалі з зямлі “маладафронтаўцы” (маўляў, няма чаго вам ўмешвацца). Памятаю, як прыяжджалі на месца плянаванага будаўніцтва салідныя “сакубаўскія” дзядзькі, чамусьці ў скураных пінжаках, і агрэсіўна ставіліся да дыктафона “Свабоды”.
Супрацьстаяньне бізнэсмэнаў і “курапатчыкаў” працягвалася некалькі месяцаў. У выніку будаўніцтва згарнулі, кажуць, што ледзь не на загад Лукашэнкі, які, пралятаўшы на верталёце, пабачыў на полі ля Курапатаў зваленыя будаўнічыя матэрыялы і загадаў спыніць праект у гэтым месцы. Пасёлак "Сонечны", праўда, усё ж пабудавалі, але на пэўнай адлегласьці ад Курапатаў.
Што стала сапраўднай прычынай таго, што пасёлак “Сонечны” не пачалі будаваць за дзесяць мэтраў ад урочышча, дакладна сказаць складана. Гэта і ня так важна. Але з таго, як выглядае, і пачаліся праблемы ва ўзаемаадносінах паміж беларускімі і нямецкімі ўладальнікамі кампаніі “Горнбахер і Боль". Я ніяк не сьцьвярджаю, што нітачка з 2003 году магла прывесьці да суду над Сяргеем Букасам у 2009 годзе і што гэта расплата за спробу зарабіць грошы на праекце ў непасрэднай блізкасьці да магілаў бязьвінных ахвяраў.
Аднак ёсьць рэчы, якія складана патлумачыць
Калісьці адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк гаварыў пра тое, што карнікі НКВД, якія стралялі людзей, і тыя, хто зьнішчалі крыжы за савецкім часам, “скончылі вельмі дрэнна і вельмі хутка". "Бальшыня памерла. Некаторыя звар’яцелі, сталі калекамі, страцілі сыноў, дачок. І той, хто падняў руку на крыж, нават калі яго ня знойдуць органы міліцыі, ён ужо будзе пакараны. Такі закон духоўнага жыцьця, які прымітыўныя людзі ігнаруюць, але ён ёсьць”, — так казаў у інтэрвію “Свабодзе” у кастрычніку 2007-га Зянон Пазьняк.
Я ня раз чула розныя гісторыі пра тое, што людзі, датычныя да расстрэлаў у Курапатах, увогуле да апаганьваньня могілак, альбо іхнія нашчадкі былі пазьней пакараныя, неабавязкова праз суд. Гэта маглі быць хваробы, няшчасныя выпадкі і гэтак далей.
Ці ведаеце пра такія выпадкі? І што ВЫ думаеце пра гэта?
10 верасьня 2009 году