Галоўнае ж пытаньне, зь якім зьвярталіся магілёўскія рупліўцы беларушчыны (наданьне адной з вуліц Шклова імя Зарэцкага), застаецца нявырашаным. Сябры ТБМ шукалі спрыяньня ў Міністэрстве культуры, а ім адпісалі з аблвыканкаму. У лісьце службоўцы пазьбеглі канкрэтных фармулёвак наконт вуліцы, спаслаўшыся на законы і пастановы ўраду аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленьні.
Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Саюза пісьменьнікаў Беларусі Аляксандар Казека пазначаны сярод тых, хто рыхтаваў адказ сябрам ТБМ. Ён спадзяецца, што надыдзе час і ў Шклове імя Міхася Зарэцкага будзе ўвекавечанае ў назьве вуліцы.
«Будзе ж і 120-годзьдзе пісьменьніка. Гэта больш круглая дата. Тады і вернемся зноў да гэтага пытаньня», — сказаў Аляксандар Казека.
У адказе з аблвыканкаму адзначана, што ў Шклоўскім раёне добра ведаюць імя Міхася Зарэцкага. Бібліятэкі ўкамплектаваныя ягонымі творамі, сабраны багаты матэрыял пра ягонае жыцьцё і творчасьць.
Што да прэміі імя Зарэцкага, то ТБМ паінфармавалі, што такое пытаньне разглядалася напярэдадні 115-годзьдзя пісьменьніка. У лісьце, аднак, не сказана, што пастанавіў наконт гэтага райвыканкам.
«Будзем сачыць за тым, як Шклоўскі райвыканкам будзе ажыцьцяўляць свае намеры ў зацьвярджэньні прэміі. Пабачым, каго будуць узнагароджваць ёю», — сказаў старшыня магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзячкоў.
115-годзьдзе Міхася Касянкова, больш вядомага пад псэўданімам Зарэцкі, адзначалася летась. Нарадзіўся пісьменьнік 20 лістапада 1901 году. Сваё дзяцінства правёў у прыгараднай шклоўскай вёсцы Зарэчча. У Зарэччы Касянкоў адчуў у сябе здольнасьць пісаць і выбраў псэўданім, адпаведны назьве гэтага шклоўскага прадмесьця. Забілі пісьменьніка ў часы сталінскіх рэпрэсіяў у 1937 годзе.