У Польшчы значная колькасьць грамадзтва не задаволеная палітычным кампрамісам, дасягнутым падчас гэтак званага круглага стала паміж камуністычнымі уладамі і дэмакратычнымі сіламі. Больш за тое, ва ўладзе ў гэтай краіне цяпер знаходзіцца партыя, адным з асноўных лёзунгаў якой зьяўляецца аспрэчваньне вынікаў той падзеі, якая адбылася ў 1989 годзе, калі канала камуністычная эпоха.
Калі ўжо раўняцца на нейкую мадэль палітычнай трансфармацыі побач з Беларусьсю, то чаму не на чэхаў? У іх не было ніякіх «круглых сталоў», аднак у момант Х яны выйшлі з падпольля і ў выніку «аксамітнай», бяскроўнай рэвалюцыі ўзялі ўладу, не ўваходзячы ў сумнеўныя кампрамісы з камуністамі.
Яны правялі грунтоўную люстрацыю, забараняючы былым супрацоўнікам спэцслужбаў, іхным агентам займаць якія-кольвечы пасады ў дзяржаўным сэктары, абмяжоўваючы такім чынам паўстаньне посткамуністычных параалігархічных груповак, якія надалей уплывалі б на палітычнае жыцьцё краіны.
У Польшчы паўнавартаснай люстрацыі не правялі. І гэта бяда палітычнага жыцьця гэтай краіны.
У Польшчы паўнавартаснай люстрацыі не правялі. І гэта бяда палітычнага жыцьця гэтай краіны, бо шлейф гэтай памылкі цягнецца да сёньня. Бяда таму, што з аднаго боку эліты не ачысьціліся ад набрыдзі, якая ў супрацы з Масквой дзесяцігодзьдзямі атручвала сваім грамадзянам жыцьцё. А з другога боку таму, што некаторыя прагныя антыкамуністычнага рэваншу сілы надта любяць паспэкуляваць на гэтай тэме, пэрыядычна прыкрываючы ёй больш надзённыя грамадзка-палітычныя праблемы сучаснай Польшчы, а таксама кідаючы часам цень падазрэньня на нявінных людзей.
Службісты з часоў ПНР захавалі вялікія па мерках сучаснай Польшчы пэнсіі (непараўнальна вышэйшыя за тое, што атрымлівае сярэднестатыстычны паляк). У некаторых выпадках яны сягаюць (у пераліку) нават 5 тысяч даляраў. Толькі цяперашняя ўлада, ажно праз 27 гадоў, нарэшце выправіла гэтую гістарычную недарэчнасьць і значна панізіла ўзровень выплат.
У чэхаў і славакаў тым часам не было такога руху як «Салідарнасьць», а дэмакратычная апазыцыя была разьяднаная (нічога не нагадвае?). Аднак у важны для краіны момант яна хутка зьядналася, выносячы наверх такую асобу, як Вацлаў Гавэл, які павёў краіну далей.
Тым часам польскі кампраміс вынес на паверхню асобу Леха Валэнсы, які пазьней выявіўся агентам камуністычных спэцслужбаў пад псэўданімам «Болек». Валэнса супрацоўнічаў з СБ (Служба Бяспекі — назва тагачаснага польскага КДБ) у 70-х гадох мінулага стагодзьдзя, браў грошы за даносы на сяброў, што нядаўна канчаткова пацьвердзіла адкрыцьцё новых архіваў з ягонымі ўласнаручнымі подпісамі.
Дарэчы, архівы былі знойдзеныя ў шафе нядаўна памерлага генэрала Чэслава Кішчака — шматгадовага міністра ўнутраных справаў камуністычнай Польшчы. Менавіта гэты чалавек быў галоўным «круп’е» падчас круглага стала з боку камуністычных уладаў Польшчы. Сярод часткі гісторыкаў пануе меркаваньне, што нават калі Лех Валэнса ў 80-х ужо спыніў супрацу са спэцслужбамі (а дакумэнтальных доказаў супрацы ў гэты пэрыяд няма), то кампрамат на яго, які трымалі посткамуністы ў сваіх шафах (а таксама на некаторых іншых дзеячаў Салідарнасьці), і быў забесьпячэньнем іхнай недатыкальнасьці ды функцыянаваньня таго самага «кампрамісу» у вольнай Польшчы.
Імкнучыся да пераменаў нельга раўняцца на даволі сумнеўную мадэль.
Зразумела, што варта шукаць шляхоў выйсьця з патавай сытуацыі, у якой апынулася Беларусь у кантэксьце пагрозы з усходу. І варта разглядаць кожную ініцыятыву, якая адводзіць краіну ад небыцьця. Але імкнучыся да пераменаў нельга раўняцца на даволі сумнеўную мадэль, прэзэнтуючы яе грамадзтву як нешта збаўчае і адзіна слушнае для краіны.
Хто дэлегаваў спадара Сярэдзіча на перамовы з Лукашэнкам? Які ў яго мандат? Хто мае прыняць удзел у гэтак званым нацыянальным круглым стале, хто будзе вызначаць склад? Ці ня будзе ён выглядаць гэтаксама, як нядаўні 7-гадзінны «Большой разговор», калі гаворыць адзін, а большасьць прысутных за тым жа круглым сталом ня можа ня тое што слова сказаць, а ў прыбіральню схадзіць?
Ну і самае далікатнае пытаньне. Калі ўжо вызначыліся са сваім Ярузэльскім, то хто ў такім раскладзе будзе беларускім Лехам Валэнсам, Яраслаў?
Спадар Сярэдзіч ставіць праблему ў катэгорыях альбо-альбо. Альбо круглы стол — альбо «разборкі, майдан». Альбо абдымаемся з Лукашэнкам — альбо «палыхне» краіна. Аднак я прыгадаў вышэй прыклад Чэхаславакіі, якая бяз круглых сталоў бяскроўна перайшла да дэмакратыі. Тым часам палякі, маючы шматмільённую «Салідарнасць», дазволілі пераканаць сябе, што без пасядзелак не абыдзецца. І многія пра гэта сёньня вельмі шкадуюць, у тым ліку тагачасныя ўдзельнікі стала.
Але градацыя сцэнараў палітычнай трансфармацыі ў нашым рэгіёне сапраўды не абмяжоўваецца варыянтамі Польшчы і Чэхіі. Ёсьць хіба найбольш трагічны прыклад з той жа эпохі, а менавіта Румынія. Іхны «Ярузэльскі» — Мікалае Чаўшэску — не аддаваў уладу да самага галоднага канца, пакуль народныя масы не ўзбунтаваліся проста падчас мітынгу зь ягоным удзелам, зь якога яму давялося ўцякаць на верталёце. У выніку ў краіне адбыўся палацавы пераварот, Чаўшэску расстраляла ўласнае атачэньне, і неўзабаве да ўлады прыйшоў «Фронт нацыянальнага выратаваньня», які цалкам складаўся з... партыйных функцыянэраў часоў таго ж Чаўшэску.
У выніку ступень палітычнай трансфармацыі Румыніі была ці не найніжэйшай сярод краінаў рэгіёну. І ад гэтай посткамуністычнай спадчыны, наколькі ведаю, румыны ня могуць адкашляцца дагэтуль.
Алег Барцэвіч — журналіст, публіцыст. Супрацоўнічае зь беларускімі, а таксама польскімі СМІ. Жыве ў Варшаве
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.