Сяргей Жадан: «Каб патрапіць у Беларусь, мне трэба пытацца дазволу ў расейцаў»

Украінскі пісьменьнік Сяргей Жадан, якому паставілі штамп у пашпарт, што яму забаронены ўезд у Беларусь, адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды:

— Я прыехаў на літаратурны фэстываль, таму завяршу свае выступы на гэтым фэстывалі. А ўвечары еду дадому ва Ўкраіну. Так, як і зьбіраўся. У мяне ў пашпарце стаіць штамп „Забаронены ўезд у Рэспубліку Беларусь“, і я мушу цягам трох дзён пакінуць вашу краіну».

— А што адбылося з Вамі ў гэтую ноч? Як трапілі міліцыянты ў гатэльны нумар?

— Гэта была другая гадзіна ночы, я ўжо спаў. Яны пачалі адчыняць дзьверы. Былі тры міліцыянты і ўласна і параілі паехаць зь імі. Прычыну не патлумачылі, дакумэнты не паказалі. Патэлефанаваць у амбасаду таксама не дазволілі.

— Дзе Вы правялі гэтую ноч?

— У Ленінскім аддзеле міліцыі, у камэры. Там увесь час мяняліся «пасажыры». Апошнім а трэцяй ранку прывялі грамадзяніна Туркмэністану, якога недзе злавілі п'яным...

Сяргей Жадан

— Чым міліцыянты патлумачылі свае дзеяньні адносна вас?

— Яны сказалі, што ўначы ніхто не працуе, таму яны ня могуць нічым займацца. І таму я павінен пачакаць, калі ў іх пачнецца працоўны дзень. А 8-й гадзіне ў іх пачаўся працоўны дзень і мяне адвезьлі ў аддзел па працы зь мігрантамі. Там я запоўніў фармуляры і тлумачэньні. Мне паставілі штамп, аддалі пашпарт і адпусьцілі. Яны сказалі, што Беларусь знаходзіцца ў адным візавым полі з Расеяй і Казахстанам, ёсьць сьпіс неўязных асобаў. І калі гэтыя асобы неўязныя ў Расею, то яны аўтаматычна становяцца неўязнымі і ў Беларусь.

— Як вы ставіцеся да гэтай сытуацыі?

— Сытуацыя крыху абсурдная. Што да таго, што я неўязны ў Расею, —я туды і не зьбіраюся ехаць, пакуль ня скончыцца ўкраінска-расейская вайна. Але тое, што гэта аўтаматычна адносіцца і да Беларусі, што я не магу ўехаць на тэрыторыю Беларусі, — для мяне гэта непрыемны сюрпрыз. Апроч таго, я быў у Менску летась, і наколькі я зразумеў з размовы з прадстаўнікамі МУС, я ўжо тады быў сьпісе, але мяне чамусьці пусьцілі і забаронаў не было. І ўчора я прыляцеў у аэрапорт «Менск», і таксама мяне ніхто не спыняў і ніхто нічога не сказаў. Таму для мяне гэта была поўная неспадзяванка.

— Што Вы будзеце рабіць далей?

— З таго, што мне патлумачылі ў міліцыі, сытуацыя даволі дзіўная. Для таго, каб зноў патрапіць на тэрыторыю Беларусі, мне трэба зьвяртацца ў расейскае дыпляматычнае прадстаўніцтва, каб мяне выкрасьлілі са сьпісу неўязных. Каб патрапіць у Беларусь, мне трэба пытацца дазволу ў расейцаў. Я ніякага дазволу ў расейцаў пытацца ня буду, зьвяртацца ня буду. Таму, на вялікі жаль, прыехаць у Беларусь будзе немагчыма.