Сяргею Жадану забаранілі ўезд у Беларусь

Сяргей Жадан на Цырымонія ўручэньня прэміі «Залаты апостраф — 2016» падчас адкрыцьця VI фэстывалю памяці Міхася Стральцова

Украінскаму пісьменьніку Сяргею Жадану паставілі штамп у пашпарт, што яму забаронены ўезд у Беларусь на нявызначаны тэрмін. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Пісьменьнік сказаў Свабодзе, што мусіць цягам 3 дзён выехаць зь Беларусі, але ў яго быў квіток на сёньняшні вечар, то бок ён у любым выпадку зьедзе сёньня.

«Насамрэч я вельмі расчараваны, таму што мы з музыкамі плянавалі канцэрт у Менску на травень. Адпаведна, гэты канцэрт не адбудзецца. Плюс нейкія іншыя кантакты зь Беларусьсю цяпер мажлівыя толькі на тэрыторыі Ўкраіны», — сказаў Сяргей Жадан.

Паводле Сяргея Жадана, у нумар гатэлю ў Менску каля дзьвюх гадзін ночы да яго ўварваўся міліцэйскі патруль.

Нічога не тлумачачы, міліцыянты даставілі Сяргея Жадана ў пастарунак, потым павезьлі ў Ленінскі РУУС.

Сяргей Жадан

«У Ленінскім зноў прабівалі па базе, нарэшце, патлумачылі — аказваецца, мне яшчэ ў 2015-м забаронены ўезд на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі з фармулёўкай „за датычнасьць да тэрарыстычнай дзейнасьці“. А паколькі Беларусь і Казахстан знаходзяцца з РФ у адной візавай зоне (не пашанцавала), то забарона аўтаматычна пераходзіць і да Беларусі з Казахстанам. І калі немагчымасьць патрапіць у Казахстан я яшчэ неяк перажыву, то за Беларусь крыўдна», — напісаў Сяргей Жадан.

Ён распавёў, што начаваць давялося ў камэры.

«Раніцай доўга пісалі тлумачальныя, распытвалі пра тэрарызм. У рэшце рэшт, паставілі штамп пра забарону ўезду ў Беларусь на нявызначаны тэрмін».