«Калі зьявілася памежная зона, дык будзе і мяжа...»

Валянцін Жданко

Навіна пра тое, што Масква ўсталёўвае памежную зону ўздоўж усяго адрэзку мяжы зь Беларусьсю, выклікала вялікі розгалас у беларускім грамадзтве. Асабліва адметны той факт, што рашэньне пра памежную зону прынятае не прэзыдэнтам Пуціным, а кіраўніком расейскай ФСБ.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з допісаў на гэтую тэму. Наш слухач Арсені Кучко зь Менску піша:

«Калі зьявілася памежная зона, дык будзе і мяжа, як жа інакш? Асабіста я нічога благога ў гэтым ня бачу. Кожная дзяржава дбае пра ўласныя інтарэсы — эканамічныя, вайсковыя і любыя іншыя. Калі ў нас з Расеяй такія розныя падыходы да мытных правілаў, да ўнутраных коштаў на многія тавары, нават да візавага рэжыму для замежнікаў — дык як тут абысьціся безь мяжы?

Нават дзіўна, што Масква так доўга цярпела адсутнасьць памежнага кантролю ў сябе на заходніх рубяжах — ажно чвэрць стагодзьдзя.

Лукашэнка падчас сваёй нядаўняй вялікай „размовы“ быў яўна незадаволены тым, што слупы, якія ён некалі выкопваў разам з Чарнамырдзіным, нехта цяпер зноў ставіць. Але большасьці беларусаў, мне здаецца, турбавацца з гэтай нагоды ня варта. Наадварот, у нас павінна стаць спакайней. Усё ж нейкі кардон для некантраляванай міграцыі, для злачынцаў, для наркотыкаў. А ў пэрспэктыве, можа стацца, лягчэй будзе адкрыць краіну на Захад. Зьявіцца мяжа на ўсходзе — дык, можа, зьнікне на захадзе?».

Ну, да зьнікненьня межаў на захадзе Беларусі яшчэ вельмі далёка. Тым больш што і ў самім Эўразьвязе, дзе ад межаў нібыта адмовіліся два дзесяцігодзьдзі таму, цяпер шмат хто вядзе дыскусіі: ці не аднавіць памежны кантроль зноў?

Увогуле, агульны трэнд, якім ахопленыя цяпер найбольш уплывовыя краіны Захаду, накіраваны зусім не на скасаваньне межаў. Вось і новаабраны прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп неўзабаве пасьля ўступленьня на пасаду заявіў, што «дзяржава бязь межаў — гэта не дзяржава» і што ЗША «вяртаюць сабе свае межы».

Што да рэакцыі Лукашэнкі на зьяўленьне памежнай зоны пад Воршай і Крычавам... Сапраўды, выкопваньне памежных слупоў ён заўсёды лічыў ледзь не галоўным сваім дасягненьнем на пасадзе прэзыдэнта. І ў Расеі працяглы час насамрэч верылі, што такі заўзяты інтэгратар урэшце прывядзе Беларусь да поўнага і канчатковага далучэньня да імпэрыі: дзеля гэтага, уласна, і цярпелі шматлікія махінацыі з кантрабандай і ашуканствам. Цяпер гэтая вера, выглядае, дарэшты скончылася.

І пра мяжу з Расеяй, і пра свае вялікія крыўды на Маскву доўга і падрабязна расказваў Аляксандар Лукашэнка падчас сваёй сямігадзіннай размовы з журналістамі і палітолягамі, што адбылася тыдзень таму. Многія нашы слухачы сачылі за трансьляцыяй гэтай імпрэзы. Вось што напісаў пра свае ўражаньні даўні аўтар Свабоды Кастусь Сырэль з Вушачаў (цытую ліст):

«Гэтым разам Рыгоравіч пераўзышоў самога сябе, і ня толькі рэкорднай працягласьцю. Ягоныя вусны то струменілі мёд з малаком, то вывяргалі Ніягары і Вікторыі абурэньня, то скардзіліся на крыўдзіцеляў, то слалі паветраныя пацалункі захопніцы вежавага крана.

Асабліва мяне расчуліла і ўзрушыла абурэньне Рыгоравіча на адрас уладальнікаў шыкоўных лімузынаў і спачуваньне спажыўцам вады і скарынак хлеба. Якая экспрэсія, які талент загінуў! Ну навошта Ён пайшоў у Прэзыдэнты? Хай бы зрабіўся акторам! Кожны тэатральны фанат пасьля спэктаклю зь Яго ўдзелам крычаў бы са сьлязьмі на вачах: «Веру! Веру!» і назаўтра бег бы глядзець, як Рыгоравіч, плачучы і пасыпаючы сваю «шавялюру» попелам, раздае бедным свае майбахі і мэрсэдэсы.

Калі ж глядзець на ўсё гэтае «дзейства» не з тэатральных падмосткаў, а са здымачнай пляцоўкі, то больш за ўсё яно мне нагадала вядомы галівудзкі фільм «Матрыца» з Кіану Рыўзам у галоўнай ролі.

Сьвет Матрыцы — гэта ілюзія, якая існуе толькі ў бясконцым сьне вырачанага чалавецтва. Гэта халодны сьвет незайздроснай будучыні, у якім людзі — усяго толькі батарэйкі ў кампутарных сыстэмах.

Вось і Рыгоравіч пабудаваў нешта падобнае ў сваёй галаве. Пабудаваў сваю Матрыцу, свой пэрсанальны сьвет, у якім Ён, Рыгоравіч, — самы разумны, самы лепшы, самы «круты». Ён, калі праводзіць аналёгію зь фільмам, — Агент, які ўсім кіруе і ўсё «разрульвае». Людзі — толькі батарэйкі, якія можна памяняць, а тыя, што «селі», выкінуць у адмысловы кантэйнэр ці наагул на сьметнік.

Паважаныя аналітыкі ў апошнім «Трайным удары» задавалі такое пытаньне: чаму гэта Рыгоравіч ня хоча пайсьці бітым шляхам рынкавай эканомікі, чаму ён так неўпапад адказваў на пытаньні спадара Раманчука, быццам не разумеючы, чаго той хоча? Усё вельмі проста: Матрыца Рыгоравіча працуе ў іншай апэрацыйнай сыстэме, адрознай ад апэрацыйнай сыстэмы Раманчука. Раманчук, ці хто іншы, пасылае запыт: «Рынкавая эканоміка. Пошук», а апэрацыйная сыстэма Рыгоравічавай Матрыцы адказвае: «ERROR» — «ПАМЫЛКА». Кажучы простай мовай, Рыгоравіч нічога ня петрыць у гэтай самай рынкавай эканоміцы і таму нічога адказаць ня можа.

Калі зьявіцца ў Беларусі свой Абраньнік, які «ўзламае» Беларускую Матрыцу — на гэтае пытаньне адказу пакуль няма. Але што ён зьявіцца, гэта пэўна».

Сапраўды, Аляксандар Лукашэнка сваім сьветапоглядам застаўся ў мінулым стагодзьдзі: ён і сам гэта прызнаў у той размове, калі яму задалі такое пытаньне. І нават пагадзіўся, што яго ўжо не пераробіш і што тая мадэль эканомікі і дзяржаўнага ўладкаваньня, якую ён у Беларусі выбудоўваў на працягу мінулых 23 гадоў, застанецца нязьменнай — пакуль ён тут прэзыдэнт.

Іншая справа — наколькі эфэктыўнай аказалася гэтая мадэль. Мяркуючы па тых эканамічных рэаліях, у якіх вымушана сёньня існаваць беларускае грамадзтва, ганарыцца незьмяняльнаму аўтарытарнаму лідэру асабліва няма чым.

__________________________________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by