Магілёўскі гарвыканкам ня бачыць падставаў для стварэньня магілёўскага батальёну добраахвотнікаў «Машэка». Такі адказ даслалі праваабаронцу Валадару Цурпанаву, які прапаноўваў гарадзкой уладзе сфармаваць вайсковае падразьдзяленьне з добраахвотнікаў і абвясьціць у яго набор.
«Падставы для стварэньня батальёну добраахвотнікаў „Машэка“ адсутнічаюць», — адказала актывісту намесьніца старшыні гарвыканкаму Ала Галушка.
Праваабаронца прызнаецца, што іншага адказу ад чыноўнікаў гарвыканкаму не чакаў:
«Я зьвярнуўся да нізавой структуры ў сыстэме ўлады, а паколькі няма зьверху ніякіх дакладных сыгналаў у кірунку, які я акрэсьліў, то ніхто ўнізе ня возьме на сябе адказнасьць, нават калі прыхільна ставіцца да такой прапановы. Таму гарвыканкам і ня мог адказаць інакш. Трэба дачакацца яшчэ адказу з аблвыканкаму, але ён будзе падобны», — кажа Валадар Цурпанаў.