Расельгаснагляд апублікаваў на сваім сайце інфармацыю пра вынікі адбору пробаў на мяжы зь Беларусьсю з 1 студзеня па цяперашні час.
Пры гэтым расейскае ведамства адзначае, што гэтую інфармацыю зь невядомых прычын «не даводзяць да ведама грамадзкасьці ў Беларусі».
Паведамляецца, што выяўлена 5 выпадкаў прысутнасьці Listeria monocytogenes у ялавічыне і яе субпрадуктах, якія вырабленыя ААТ «Жлобінскі мясакамбінат», ТАА «Мясакамбінат Кашалёва», ААТ «Аршанскі мясакансэрвавы камбінат», ЗПК «Палесьсе» — філіялам Лунінецкага райспажыўтаварыства.
А ў 2016 годзе Рассельгаснагляд зафіксаваў 28 выпадкаў Listeria monocytogenes у беларускай прадукцыі.
«Выяўленьне згаданай бактэрыі, небясьпечнай для чалавека і жывёлы, — гаворыцца ў паведамленьні, — сьведчыць пра нізкі ўзровень кантролю за вытворчасьцю і рэалізацыяй прадукцыі жывёльнага паходжаньня і захаванасьцю вэтэрынарна-санітарных правілаў і нормаў па комплексе паказьнікаў падчас вырабу, захоўваньня і рэалізацыі паднадгляднай прадукцыі на тэрыторыі краін ЭАЭС».
Рассельгаснагляд заяўляе, што сумневы ў бясьпечнасьці прадукцыі, якая ўвозіцца з тэрыторыі Беларусі, выкліканыя спробамі завезьці ўкраінскую і эўрапейскую мясную сыравіну пад выглядам прадукцыі беларускіх вытворцаў. Відаць, што вэтэрынарныя клеймы зразаліся, прадукцыя перамаркіроўвалася. За мінулы год выяўлена 19 такіх парушэньняў. Сёлета ў студзені такую мясную сыравіну збывала ў Расею АСП «Вытворчы камбінат» Лельчыцкага раённага спажывецкага таварыства.
Пра ўсе згаданыя факты, сьцьвярджае Расельгаснагляд, быў праінфармаваны Дэпартамэнт вэтэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу Беларусі, але «рэакцыі зь беларускага боку не было».
Рассельгаснагляд заяўляе пра актыўны імпарт Беларусьсю ахалоджанай і замарожанай ялавічыны з Украіны (абʼём паставак склаў каля 20 тысяч тон). Акурат на столькі вырас і абʼём паставак ялавічыны зь Беларусі ў Расею.
Пры адборы пробаў на мяжы ў гэтым годзе Рассельгаснагляд выявіў таксама неадпаведнасьць нормам і патрабаваньням ЭАЭС партыі птушкагадоўчай і малочнай прадукцыі беларускіх вытворцаў. У прыватнасьці, патагенная мікрафлёра, у тым ліку сальманэла, выяўленая ў прадукцыі ААТ «Дубраўскі бройлер» — Птушкафабрыка ААТ «Камароўка», КСУП «Племптушказавод «Камароўскі», СЗАТ «Сервалюкс» — філіял «Сервалюкс-Агра».
Выяўляў сёлета Рассельгаснагляд і выпадкі выкарыстаньня сухога малака пры выпуску пітнога, што супярэчыць тэхнічнаму рэглямэнту Мытнага саюзу. Пры гэтым названыя ААТ «Здравушка-мілк», СТАА «Данон Пружаны», ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» Нарачанскі філіял сухога малака, КВУП «Мазырскія малочныя прадукты»,
9 лютага Рассельгаснагляд паведаміў, што «на просьбу беларускага боку ўводзіць нагляд за прадукцыяй ад пункту перасячэньня адміністрацыйнай мяжы да месца рэалізацыі». Увесь шлях будзе прасочвацца ў інфармацыйных сыстэмах «Аргус» і «Мэркурый».