У беларускім Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня заявілі, што занепакоенасьць адносна правакацыяў у выпадку візыту прадстаўнікоў Рассельгаснагляду ў Беларусь залішняя.
«Беларусь — прававая, эўрапейская, цывілізаваная дзяржава, у якой бясьпечна знаходзіцца любому чалавеку, уключаючы прадстаўнікоў Рассельгаснагляду», — сказаў у інтэрвію Інтэрфаксу начальнік галоўнага ўпраўленьня зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Мінсельгасхарчу Аляксей Багданаў.
Ён дадаў, што запрашэньне зь беларускага боку застаецца ў сіле.
«Мы гатовыя да канструктыўнай працы», — сказаў Багданаў.
Ён выказаў спадзеў, што Рассельгаснагляд ня будзе пераносіць тэрміны прыезду ў Беларусь сваіх інспэктараў.
Паводле Багданава, Беларусь настроеная на далейшую канструктыўную працу з Рассельгаснаглядам.
Раней Рассельгаснагляд адклаў візыт сваіх адмыслоўцаў у Беларусь, асьцерагаючыся «магчымых правакацыйных дзеяньняў зь беларускага боку», паведаміла прэс-служба расейскага ведамства.