Актывісты «Дзеі» і слуцкай ініцыятывы «Ўтульны край» перадалі 7 лютага ў Слуцкі райвыканкам амаль паўтары тысячы подпісаў за ўсталяваньне помніка слуцкім паўстанцам.
Актывістка «Дзеі» Аліна Нагорная сказала карэспандэнту Свабоды, што помнік мяркуецца паставіць каля Слуцкага краязнаўчага музэю.
«1408 папяровых подпісаў і больш за 400 электронных праз плятформу zvarot.by — гэта важкі аргумэнт. Але калі гэтае месца ўладу не задаволіць, мы будзем шукаць нейкае іншае месца. Сёньня мы былі на прыёме ў старшыні Слуцкага раённага Савету дэпутатаў Віктара Ражанца і размаўлялі пра ўсталяваньне помніка. І на словах ён станоўча ўспрыняў нашу ідэю. Таму цяпер мы будзем спадзявацца на лепшае. Калі не атрымаецца, будзем шукаць іншыя варыянты, але помнік у любым разе павінен быць».
Аліна Нагорная сказала, што ініцыятары стварэньня помніка слуцкім паўстанцам гатовыя самі зьбіраць на яго сродкі.
«Шмат неабыякавых людзей, якія разумеюць, што помнік павінен быць. Гэта наша агульная гісторыя, і мы павінны ганарыцца ёй. Таксама мы плянуем стварыць грамадзкі камітэт, у які будуць уваходзіць прадстаўнікі ўлады, гісторыкі, аўтарытэтныя дзеячы культуры і мастацтва. Разам мы плянуем правесьці конкурс на лепшы эскіз помніка».
Паводле Аліны Нагорнай, подпісы за ўсталяваньне помніка пачалі зьбіраць падчас акцыі 26 лістапада з нагоды 96 гадавіны Слуцкага паўстаньня за незалежнасьць Беларусі.
У лістападзе-сьнежні 1920 году вайсковыя часткі, сфармаваныя з жыхароў Случчыны, Капыльшчыны і прылеглых раёнаў, аказалі ўпарты супраціў Чырвонай Арміі, якая прасоўвала ўладу бальшавіцкай Расеі на Беларусь. Перад гэтым случакі прысягнулі на вернасьць Беларускай Народнай Рэспубліцы.