Дэлегацыя экспэртаў праводзіць сустрэчы ў сталіцы Казахстану ў рамках намаганьняў у дасягненьні палітычнага ўрэгуляваньня сырыйскага крызісу.
Прадстаўнікі Расеі, Турэччыны, Ірану і ААН сустрэліся ў Астане ў панядзелак. На першым пасяджэньні Аб’яднанай апэратыўнай групы абмяркоўваліся розныя пытаньні, у прыватнасьці кантроль за выкананьнем умоў пагадненьня аб замірэньні і прадухіленьне яго парушэньняў, а таксама гарантаваньне бясьпекі паставак гуманітарнай дапамогі.
У мінулым месяцы Турэччына, Расея і Іран накіравалі ў Казахстан дэлегатаў ад сырыйскага ўраду і паўстанцаў на першы раўнд мірных перамоваў, які завяршыўся дамоўленасьцю паміж Анкарой, Масквой і Тэгеранам аб узяцьці на сябе маніторынгавых функцыяў забесьпячэньня частковага спыненьня агню і працягу сумеснай працы ў дасягненьні палітычнага ўрэгуляваньня канфлікту.
Кіраўнік прэс-службы МЗС Турэччыны Хюсэін Мюфцюоглу заявіў, што Анкара не дапусьціць зрыву (у выніку дзеяньняў некаторых групаў паўстанцаў) рэжыму спыненьня агню, які ўступіў у сілу ў канцы сьнежня. Ён таксама пацьвердзіў пазыцыю Турэччыны ў дачыненьні немагчымасьці ўдзелу прэзыдэнта Сырыі Башара Асада ў палітычнай будучыні краіны. На працягу канфлікту, які пачаўся ў 2011 годзе мірнымі пратэстамі, што перарасьлі ў грамадзянскую вайну, Турцыя падтрымлівала паўстанцаў.
Лёс Асада застаецца крыніцай рознагалосься ў пэрыяд, калі міжнародная супольнасьць спрабуе наблізіцца да ўстанаўленьня міру ў Сырыі.
У рамках схемы, створанай ААН, мяркуецца распрацоўка новай Канстытуцыі і правядзеньне новых выбараў у краіне. Саюзьнікі Асада, сярод якіх Расея і Іран, лічаць, што ён павінен застацца ва ўладзе.