Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Здача Пальміры — адсутнасьць скаардынаванасьці Расеі і яе сырыйскіх саюзьнікаў


Пальміра — і сучасная яе частка, і старажытны горад — зноў занятая баевікамі групоўкі «Ісламская дзяржава». З моманту ўрачыстага канцэрту расейскага віялянчэліста Сяргея Ралдугіна і аркестра Марыінскага тэатру ў гонар ўзяцьця Пальміры сырыйскімі войскамі мінула роўна 7 месяцаў і 7 дзён. З моманту, калі «Ісламская дзяржава» атрымала кантроль над Пальмірай першы раз — паўтара году.

Наступ ісламістаў пачаўся ў канцы мінулага тыдня. Спачатку з Пальміры паступалі супярэчлівыя паведамленьні пра тое, што адбываецца, але ўжо да вечара нядзелі стала ясна, што сырыйскае войска цалкам страціла кантроль над горадам. Расейская авіяцыя прыйшла на дапамогу сырыйцам, але занадта позна — праз двое сутак пасьля першых навін пра пачатак атакі. На думку экспэртаў, зь якімі пагутарыла Радыё Свабода, тое, што адбылося — вельмі сурʼёзны ўдар па іміджу «антытэрарыстычнай кааліцыі» Сырыі і Расеі і сьведчаньне таго, што з дапамогай адных толькі бамбаваньняў Асад і расейскія войскі ня здольныя ўтрымліваць нават тыя 20% тэрыторыі краіны, якая цяпер фармальна знаходзіцца пад іх кантролем.

Асноўныя сілы Сырыйскага ўрадавага войска цяпер перакінутыя для наступу на атрады сырыйскай апазыцыі ў Алепа.

Галоўная прычына імклівай здачы Пальміры, па думку экспэртаў, простая: асноўныя сілы Сырыйскага ўрадавага войска цяпер перакінутыя для наступу на атрады сырыйскай апазыцыі ў Алепа, а тыя ваенныя і апалчэнцы, якія засталіся ў Пальміры, папросту праспалі наступ «Ісламскай дзяржавы». Цяпер амфітэатар старажытнага горада з канцэртнай залі можа зноў ператварыцца ў месца масавых пакараньняў сьмерцю — калі ісламісты, вядома, ня вырашаць зраўняць з зямлёй тыя архітэктурныя помнікі, якія яны пакінулі мінулым разам.

Чаму Пальміру здалі хутка і практычна бяз бою? Адказвае аналітык міжнароднай групы Conflict Intelligence Team Кірыл Міхайлаў:

— Найбольш баяздольныя часткі, якія вясной удзельнічалі ў вызваленьні Пальміры ад баевікоў, былі перакінутыя ў Алепа, дзе цяпер актыўна ўдзельнічаюць у даволі пасьпяховым наступе прыхільнікаў Асада на горад. Паводле інфармацыі нямецкага вайсковага аналітыка Тобіяса Шнайдэра, якую ён атрымаў ад сваіх сырыйскіх крыніцаў, там заставаліся ў асноўным мясцовыя апалчэнцы і найміты, то бок недастаткова дзеяздольныя войскі, якія пабеглі пры першым кантакце з баевікамі. Нягледзячы на тое, што ім на дапамогу высоўвалася нейкае падмацаваньне, яно, мабыць, не змагло пераламаць ход падзей. Гэта насамрэч адна з асноўных праблем расейскіх саюзьнікаў у Сырыі: яны ня могуць пакрываць усе франты, гэта значыць, калі яны засяроджваюцца на Алепа, то яны губляюць Пальміру, і гэтак далей.

— Колькі баевікоў штурмавалі Пальміру? 200, як гаварылася ў пятніцу, або больш за 5000, як сьцьвярджае Міністэрства абароны РФ?

Людзі, якія знаходзіліся на месцы падзей, называюць лічбы ад 300 да 1000 баевікоў.

— Складана меркаваць. Па фота — і відэаматэрыялах відаць, што там няма нейкіх натоўпаў баевікоў. Названая лічба — гэта заява расейскага Цэнтру па прымірэньні варагуючых бакоў пры Міністэрстве абароны РФ, які, відавочна, спрабуе апраўдаць гэтай лічбай фіяска расійскага ваеннага ведамства. Людзі, якія знаходзіліся на месцы падзей, называюць лічбы ад 300 да 1000 баевікоў. Варта ўлічыць, што сваю малалікасьць гэтыя баевікі кампэнсуюць такімі рэчамі, напрыклад, як масавае прымяненьне «шахід-мабіляў» і самападрываў. Гэта тое, з чым не маглі змагацца нешматлікія баяздольныя часткі, якія знаходзіліся ў Пальміры на той момант.

— У інтэрнэце ёсьць фотаздымкі кінутай у Пальміры ваеннай тэхнікі, якая дасталася «Ісламскай дзяржаве». Гэта расейская тэхніка або сырыйская?

— З расейскай тэхнікі там на 100% ёсьць КамАЗ-43269 «Выстрел». Цікавая машына, якая ў свой час пасьпела «засьвяціцца» ў Луганскай вобласьці. Цяпер яна апынулася ў Пальміры. Хутчэй за ўсё, улічваючы, што расейскія сілы сышлі з Пальміры загадзя, альбо напярэдадні наступленьня, каб не пацярпець, альбо для таго, каб накіраваць сілы на Алепа, можна выказаць здагадку, што гэтая машына была пакінутая сырыйскім саюзьнікам «у падарунак» або была пашкоджана. Я ня думаю, што хто-небудзь з расейскіх вайскоўцаў наогул знаходзіўся там у момант наступленьня. Але пры гэтым у захопленай баевікамі Пальміры апынулася велізарная колькасьць і іншай тэхнікі, да 30 танкаў, цэлы батальён. Відавочна, ён проста пакінуў пазыцыі. Гэта даволі старыя сырыйскія танкі. Ёсьць таксама паведамленьні пра пакінутыя гарматы, пра пікапы з усталяванымі на іх зэнітнымі ўстаноўкамі. Там сапраўды быў захоплены даволі вялікі арсэнал, але расейская тэхніка зь яго складае меншую частку.

— Чаму сілы Асада беглі з Пальміры? Няўжо пра магчымы наступ баевікоў не было вядома загадзя? Вакол — пустыня, усё павінна быць відаць як на далоні. Што рабіла выведка?

Лічба 5000 тых, хто нападаў, была заяўлена расейскім Мінабароны безь якіх-небудзь доказаў.

— Баяздольных частак у Пальміры было няшмат. Калі гэта адбылося, яны, хутчэй за ўсё, былі сканцэнтраваныя ў Алепа. Пры гэтым варта памятаць, што лічба 5000 тых, хто нападаў, была заяўлена расейскім Мінабароны безь якіх-небудзь доказаў. Па-другое, цалкам магчыма, што і значная частка сродкаў выведкі і абʼектыўнага кантролю была таксама сканцэнтравана на працы ў раёнах, якія кантралююцца сырыйскай апазыцыяй. Мапы авіяўдараў паказваюць, што працяглы час усе расейскія сілы былі сканцэнтраваны менавіта ў Алепа, дзе адсутнічаюць баевікі «Ісламскай дзяржавы», у той час як Пальміра, хутчэй за ўсё, заставалася непрыкрытай ва ўсіх сэнсах. Плюс да таго, у наяўнасьці нейкая неспрацаванасьць, нейкая адсутнасьць зьвязанасьці Расеі і яе мясцовых саюзьнікаў. Масіраваныя бамбардзіроўкі расейскай авіяцыяй пазыцый ісламістаў, пра якія гаварылася, што яны спынілі першую атаку на Пальміру, адбываліся ў той момант, калі другая атака ўжо дасягнула сваёй мэты. Але нават гэтыя бамбардзіроўкі пачаліся толькі праз двое сутак пасьля пачатку наступу баевікоў. Гэта кажа пра тое, што інфармацыя перадаецца павольна, што ў некаторых выпадках ваенным даводзіцца дзейнічаць практычна ўсьляпую, без якога-небудзь пляну.

Расейскі гелікоптэр на базе каля Пальміры.
Расейскі гелікоптэр на базе каля Пальміры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG