Сёньня самі сябе з адлегласьці выцягнутай рукі здымаюць усе. У пагоні за крутасьцю здымка, людзі наважваюцца на неверагодныя ўчынкі, ахвяруючы здароўем, а то й жыцьцём.
Словам, мода на такія фота трывала ўвайшла ў нашае жыцьцё.
А я згадваю, як упершыню ўбачыў сэлфі, калі такога слова яшчэ не існавала ў прыродзе.
Гэта здарылася 15 студзеня 1994 году, пад час візыту ў нашу краіну прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі Біла Клінтана.
Клінтан прыехаў у адказ на візыт у Злучаныя Штаты тагачаснага кіраўніка нашай краіны Станіслава Шушкевіча. Сярод іншага ў Клінтана быў заплянаваны выступ і сустрэча ў залі паседжаньняў Акадэміі навук. Лішне казаць, што ажыятаж з гэтае нагоды ў СМІ быў шалёны.
Я тады працаваў на першай незалежнай тэлевізіі ММ-4, што выходзіла на восьмым канале, і мы, у складзе відэаапэратара Алега Несьцерава, мяне й журналіста газэты «Рэспубліка» Максіма Таборава, які спрабаваў сябе ў якасьці тэлевізійнага рэпартэра, выправіліся на сустрэчу ў Акадэмію – па рэпартаж.
Максім быў хлопцам амбітным і журналістыку разглядаў як пляцдарм да палітычнай кар’еры, неаднаразова заяўляў, што мае намер узяць удзел у змаганьні за пасаду прэзыдэнта Беларусі. Маўляў, ня ў выбарах 1994 году, для якіх быў занадта маладым, але ў наступных ён сябе пакажа дакладна, таму выезд на сустрэчу зь Білам Клінтанам быў для яго асабліва важны.
Прыехаўшы ў Акадэмію навук, мы занялі адведзенае месца і Алег Несьцераў пачаў настройваць камэру. У яго ўсё яшчэ нешта ня ладзілася, калі ў залю паседжаньняў увайшоў Клінтан у суправаджэньні супрацоўнікаў сваёй адміністрацыі і аховы.
Пакуль сярод прысутных ляцеў лёгкі шоргат, настырны Табораў ужо прабіраўся як мага бліжэй да трыбуны, куды мерыўся ўзысьці амэрыканскі прэзыдэнт.
Калі Клінтан параўнаўся зь месцам, дзе быў Табораў, Максім ірвануўся наперад і на няпэўнай ангельскай крыкнуў прэзыдэнту ЗША:
– Біл, ці можна з Вамі сфатаграфавацца?
Як вядома, у юнацтве Клінтан кіраваў джаз-бэндам і, відаць, з павагай ставіўся да імправізацыі, што ў музыцы, што ў жыцьці. Карацей, былы джазмэн спыніўся, паглядзеў на Максіма і нечакана махнуў рукой, маўляў, давай, хлопец.
Ахова прапусьціла Таборава да прэзыдэнта ЗША.
Далей адбыўся кароткі дыялёг:
– Я таксама буду прэзыдэнтам, – сказаў Макс і стаў побач з Клінтанам.
Клінтан пасьміхнуўся, сказаў – окей, і, ня бачачы побач ніякага фатографа, пацікавіўся:
– А хто будзе здымаць?
– Я! – адказаў Табораў і імкліва выцягнуў наперад руку з фотаапаратам-мыльніцай і націснуў на кнопку. Бліснула ўспышка.
Сьмяяліся ўсе: Клінтан, журналісты, нашы дэпутаты й акадэмікі, сьмяялася нават ахова прэзыдэнта ЗША.
Далей, Клінтан пахлопаў Максіма па плячы й рушыў да трыбуны.
Таборава расьпірала ад гонару й шчасьця. Сфатаграфавацца з прэзыдэнтам ЗША – рэдкая ўдача.
Але, як кажуць, кожнай зьяве – свой час.
Сэлфі не атрымалася. Мыльніца хоць і пыхнула ўспышкай, але кадар замыліла.
Праўда, пра гэта мы даведаліся ад Максіма пазьней, калі ён, страшна засмучаны гэткім фактам, шукаў каго-небудзь з рэпартэраў, хто, можа быць, зьняў зь іншага месца ягоную няўдалую спробу сфатаграфавацца з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў.
Калі не шанцуе, дык не шанцуе напоўніцу.
Наш апэратар Алег Несьцераў наладзіў відэакамэру акурат у той момант, калі Біл Клінтан падняўся на трыбуну, а ўся гісторыя Таборава засталася за кадрам. Мы шчыра спачувалі Максімавай драме.
У гэты ж дзень прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан пакінуў нашу краіну.
У гэты ж год Беларусь займела свайго прэзыдэнта, якога мае аж дагэтуль, і які неўзабаве пасьля свайго абраньня зрабіў усё, каб беларуская незалежная тэлевізія, як зьява, перастала існаваць.
Маскім Табораў зьнік у нетрах газэты «Рэспубліка» і, здаецца, пасьля ніколі не прэтэндаваў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах.