«Жывём і дзякуем Богу...», — ва ўсясьветны дзень барацьбы з ракам героі свабодаўскай кнігі «Жыцьцё пасьля раку» апавялі пра тое, што іх радуе і чым яны заклапочаныя.
Свае гісторыі адоленьня анкалягічнага захворваньня расказалі беларускай Свабодзе пяцёра жыхарак Магілёўшчыны. Кожная з іх зьведала апэрацыю, хіміятэрапію і доўгі пакутлівы пэрыяд рэабілітацыі. Прайшоўшы гэты шлях, героі кнігі знайшлі кожная сваю формулу перамогі над немаччу. Яны вераць у тое, што іхнае жыцьцё пасьля раку дапаможа іншым вылечыцца. Героі кнігі прызнаюць: анкапацыенты застаюцца дужа закрытымі людзьмі. Іх зьядае дэпрэсія і боязь быць незразуметымі большасьцю тых, хто не сутыкнуўся з анкалёгіяй.
Зінаіда Берагейка: Падтрымлівайце арганізм, насычайце яго вітамінамі
Зінаіда Іванаўна Берагейка ўлетку адзначыла 80-гадовы юбілей. Як і пяць год таму яна жыве ў сваёй хаце ў Клічаве. Верыць у Бога, людзкую спагадлівасьць, уласныя сілы, узаемадапамогу ды гаючую моц прыроды.
Кабета зьбірае зёлкі і раіць насычаць у няпростую зімовую і веснавую пару арганізм вітамінамі.
«Мне ўжо пайшоў дзявяты дзясятак, дык што мне ўжо пра здароўе гаварыць, але дзякую Богу, што ён мне даў дажыць да такіх гадоў. Крыху загрыпавала, але хаджу, рухаюся. Сама сябе лячу зёлкамі. Трэба піць гарбату, падтрымліваць арганізм, бо няма запасу вітамінаў, таму яму трэба дапамагаць. Зёлкі зьбіраю, сама іх ужываю і людзям дапамагаю», — адрэагавала Зінаіда Іванаўна на пытаньне журналіста, як ёй жывецца.
У Зінаіды Берагейцы дыягнаставалі рак у 69 гадоў. У такім паважным веку праз анкалёгію яна прайшла апэрацыю і курс хіміятэрапіі. Зінаіда Іванаўна, апавядаючы сваю гісторыю барацьбы зь немаччу, казала, што бязь веры ў жыцьцё адолець яе немагчыма.
Свабодаўскую кнігу «Жыцьцё пасьля раку» суразмоўніца залучае ў катэгорыю тых сродкаў, якія дапамагаюць перамагчы анкалёгію. «Як да нас у групу самадапамогі прыходзяць новыя людзі, мы ім абавязкова даём гэтую кнігу пачытаць», — адзначае Зінаіда Іванаўна.
«На, кажам, пачытай — мы жывыя і ты будзеш жыць. Гэтак дапамагаем адзін аднаму. Зьбіраемся разам сваёй групай. Выбіраемся ў вандроўкі, арганізуем імпрэзы. Галоўнае не закіснуць у сваіх праблемах, бо многія ж лічаць, што анкалёгія — гэта абавязкова сьмерць. А гэта ня так», — адзначае васьмідзесяцігадовая Зінаіда Берагейка.
Галіна Старповіч: «Жывём добра...»
Галіна Міхайлаўна Старповіч таксама з Клічава. І ў яе ўсё складваецца добра. Падрастаюць унукі, якія радуюць гераіню свабодаўскай кнігі сваімі посьпехамі. Побач і муж Галіны Міхайлаўны — Міхаіл. Гісторыя барацьбы Галіны з ракам сталася для яе і мужа часам выпрабаваньня іхных пачуцьцяў.
«Пасьля апэрацыі, калі мяне прывезьлі сюды, я не магла падняцца з канапы. Ён мяне і падымаў і садзіў. Карміў. Ён настолькі перажываў, што дужа пахудзеў. Я гэта ўсё бачыла. Я тады падумала: «Божа мой, я вось памру, але ж я толькі жыць пачала з добрым чалавекам», — так гаворыць Галіна Старповіч у кнізе пра гісторыю барацьбы і сваё каханьне.
Ад дня, калі ў яе выявілі анкалёгію мінула амаль трынаццаць гадоў. Час ад часу яна наведвае анкалягічныя лякарні, каб упэўніцца, што хвароба адступіла.
«У нас усё добра. У сьнежні праходзіла абсьледаваньне ў Бараўлянах. Усё ў норме», — адзначае Галіна Міхайлаўна.
«Маёй унучцы ўжо восем гадоў. Унук вучыцца на „9“, „10“, — дадае пра сямейнае суразмоўніца. — Удалося мне яго падцягнуць па вучобе. Пачуцьцё задаволенасьці прысутнічае, што і з унукам нечага дамагаемся. У мужа таксама ўсё добра. На працу ходзіць. Жывём добра».
Пра кніжку «Жыцьцё пасьля раку» Галіна Міхайлаўна не забываецца. Кажа, што пачытала кнігу ўся яе і мужава радня. Чытаюць і госьці, якія наведваюцца ў дом Галіны і Міхаіла.
Нэлі Халанская: «Мы дапамагаем адзін аднаму, бо ведаем, што такое анкалёгія»
У жыхаркі Бабруйска Нэлі Халанскай таксама ўсё добра. Прайшоўшы шлях змаганьня з анкалёгіяй яна ўпэўнілася, што рак забівае, калі чалавек пачынае шкадаваць сябе і патрабаваць ад іншых шкадаваньня. А яшчэ яна пераканалася, што жанчына нават хворай павінна не забываць, што яна жанчына.
«Са здароўем, дзякуй Богу, каб не сурочыць. Падрастае ўнук. Сонейка маё, які, можна сказаць, мяне і выцягнуў з хваробы. Цяпер яму сем гадоў. Вучыцца ў першай клясе. І я зь ім таксама пайшла ў школу. Таму жыцьцё працягваецца», — апавядае пра цяперашняе гераіня свабодаўскай кнігі.
У Нэлі Халанскай анкалёгію выявілі незадоўга да пяцідзесяцігодзьдзя. Дзень народзінаў адзначыла пасьля апэрацыі на бальнічным ложку. Прайшоўшы пакутлівы шлях выздараўленьня, яна дапамагае іншым адолець хваробу.
У Бабруйску свая група ўзаемадапамогі анкапацыентам. Суразмоўніцу ўсьцешвае, што такую суполку ўдалося стварыць, але тут жа яна прызнаецца, што людзі, якія сутыкнуліся з анкалёгіяй, не ахвотна ідуць на кантакт.
«Закрытасьць гэтых людзей застаецца адной з праблемаў у пытаньнях грамадзкай рэабілітацыі», — адзначае Нэлі.
«Хто саромецца, хто стараецца пра хваробу ня думаць. Многа тэлефанаваньняў з пытаньнямі пра нашу групу, як у яе запісацца, што дзеля гэтага трэба зрабіць. Прыходзяць жа ня шмат людзей. Анкапацыенты — закрытая катэгорыя людзей, — тлумачыць сытуацыю суразмоўніца. — Сваю групу мы стваралі каля году. Людзі прыйдуць, крыху пабудуць і сыходзяць. Некаторыя ўжо памерлі. Але касьцяк групы сфармаваўся з часам. Хто прыйшоў і застаўся з намі, той не шкадуе. Мы дапамагаем адзін аднаму, бо ведаем, што такое анкалёгія».
Галіна Мішына: «Раз жывём, то гэта ўжо добра»
Яшчэ адна гераіня кнігі «Жыцьцё пасьля раку» Галіна Мішына з сваёй сямʼёй жыве ў Клічаве ў доме, падворак якога ператвораны ў кветнік. У аповедзе пра змаганьне з анкалёгіяй Галіна адзначыла, што перамагчы ёй дапамагла любоў да прыгажосьці .
«Адразу пасьля апэрацыі, лежачы яшчэ на бальнічным ложку, Галіна вырашыла, як ачуняе, то закладзе ў двары свайго дома вялікі кветнік са стаўком у ім. Задуманае рабілі ўсёй сямʼёй на працягу некалькіх гадоў. Галіна прызнаецца, што ад сямейнікаў выслухоўвала нямала нараканьняў. Ёй казалі, што лепей бы яна адпачыла», — напісана ў свабодаўскай кнізе.
Пра сваё цяперашняе Галіна кажа каротка: «Слава Богу ўсё добра. Горш ня стала. Раз жывём, то гэта ўжо добра. Нейкіх грандыёзных зьменаў няма. Дзеці працуюць. Муж таксама, і ён побач. Наша аранжарэя таксама на месцы. Ёй няма толькі плошчы, каб павялічвацца. А так падворак прыгожы».
Гаворачы пра кнігу і ўражаньні тых, хто браўся яе чытаць, Галіна прызналася, што няшмат людзей гатовыя зразумець гісторыі анкапацыентаў, якімі б аптымістычнымі яны ні былі.
«Гэтая кніга цікавая як дапаможнік выжыць для тых, хто сутыкнуўся з анкалёгіяй. Ня кожны, хто пазьбег гэтай хваробы, здольны зразумець пакуты хворага. Той, хто перанёс немач, пра яе забыцца ня можа, нават калі і хацеў бы. Гэты наш боль пастаянна з намі. Людзі ж, якія не прайшлі праз гэтыя пакуты, жывуць адным днём і думак не дапускаюць, што нешта кепскае можа зь імі здарыцца», — адзначыла Галіна Мішына.
Анастасія Войтава: «Стараюся выпраменьваць аптымізм»
Жыхарка Магілёва Анастасія Войтава як і раней паглынутая грамадзкай дзейнасьцю. На леташніх выбарах у Палату Прадстаўнікоў спрабавала займець мандат дэпутата. Вылучалася ад партыі БНФ. Удзельнічала ў распрацоўцы, маніторынгу, прыняцьці мэмарандуму па нацыянальнай гендэрнай плятформе. Дапамагае тым, хто сутыкнуўся з анкалёгіяй.
«Анастасія не „змагацца за жыцьцё“, а радуецца яму. У гэтым сакрэт яе стойкасьці перад хваробай», — адзначана ў кнізе «Жыцьцё пасьля раку».
Сёлета ў гераіні свабодаўскай кнігі сумны юбілей. Дваццаць гадоў яна жыве з анкалягічным дыягназам. Анастасія ня ўтойвае, што са здароўем у яе праблемы. Ёй давялося зноў прайсьці курс хіміятэрапіі. Паводле суразмоўніцы, абвастрэньне наступіла пасьля таго, як яна ня здолела абараніць сына на судзе з супрацоўнікамі дэпартамэнту аховы.
«Стрэс, які я перажыла, прывёў да таго, што хвароба пачала зноў прагрэсаваць. Мне прызначылі хіміятэрапію. У мяне выпалі валасы. І курс лячэньня працягваецца. Ежджу ў Бараўляны. Ёсьць дынаміка паляпшэньня. Пахудзела крыху. Валасы адрастаюць, — апавядае пра цяперашняе сваё жыцьцё Анастасія. — Як і раней, фліртую з мужчынамі. Флірт — гэта мой сродак псыхалягічнай абароны. Стараюся выпраменьваць аптымізм, і з боку, відаць, ня скажаш, што ў мяне праблемы са здароўем. Падфарбуюся, прыадзенуся, жартую — і промні задаволенасьці разыходзяцца ва ўсе бакі. Усе пэрспэктывы залежаць перадусім ад настрою на жыцьцё чалавека».
Анастасія Войтава, як і іншыя героі кнігі «Жыцьцё пасьля раку», адзначае, што анкапацыенты жывуць замкнёна. Пазьбягаюць гаварыць пра тое, з чым яны сутыкнуліся. Паводле Войтавай, такое жыцьцё шмат у чым апраўданае, бо зразумець іх можа ня кожны.
«Людзі, якія не перажылі рак, рэдка, калі могуць зразумець таго, хто зь ім сутыкнуўся. І такая сытуацыя не мяняецца з часам. Многія лічаць, калі чалавек захварэў на рак, то іншага зыходу, акрамя сьмерці, яму ня варта чакаць. Толькі перажыўшы анкалёгію, чалавек здольны зразумець чалавека з тым жа дыягназам. Толькі зычлівыя ўзаемадачыненьні між анкапацыентамі могуць іх маральна падтрымаць. Пераканаць іх, што дыягназ анкалёгія — ня сьмерць», — падсумоўвае Анастасія Войтава, гераіня кнігі «Жыцьцё пасьля раку».