У Крычаве хочуць адстаўкі вэртыкальшчыка, які «верыць у будучыню раёну»

Васіль Сысоеў

У Крычаве ня згодныя з палітыкай кіраваньня раёнам старшынём райвыканкаму Васілём Сысоевым, зьбіраюць подпісы за ягоную адстаўку. На думку апазыцыйна настроеных да чыноўніка грамадзян, ён не спраўляецца са сваімі абавязкамі і мусіць быць зьняты з пасады.

Як заяўляюць ініцыятары кампаніі, іхная задача — сабраць тысячу подпісаў і накіраваць старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімеру Даманеўскаму ды прэзыдыюму Крычаўскага райсавету.

Паводле зьбіральнікаў подпісаў, зварот за адстаўку Сысоева падтрымалі некалькі дзясяткаў жыхароў раёну.

«Адстаўку чыноўніка падтрымліваюць амаль усе, да каго зьвяртаемся, але падпісваюцца пад ім адзінкі, — прызнаецца адзін са зьбіральнікаў подпісаў. — Вядома, ж людзі баяцца перасьледу і сабраць 1000 подпісаў будзе няпроста. Мы, аднак, перакананыя, што пра збор подпісаў паведамяць ня толькі Даманеўскаму, але і вышэйшаму за яго кіраўніцтву».

Ініцыятары кампаніі спадзяюцца, што прэзыдыюм раённага савету дэпутатаў можа наважыцца, «пабачыўшы людзкую незадаволенасьць чыноўнікам, выказаць недавер яму і паведаміць пра гэта кіраўніку дзяржавы, які даў згоду на прызначэньне Сысоева».

Рашэньне аб прызначэньні Васіля Сысоева на пасаду старшыні райвыканкаму ўхваліў Аляксандар Лукашэнка ў кастрычніку 2011 году. Як сьцьвярджаюць зьбіральнікі подпісаў, за час кіраўніцтва Сысоевым раёнам стан мясцовай эканомікі і сацыяльнай сфэры пачаў «пагаршацца імклівымі тэмпамі».

Называюцца шэраг прадпрыемстваў, якія спынілі сваю дзейнасьць, пакуль чыноўнік старшынюе ў раёне. Сярод іх называецца стары цэмэнтны завод, Крычаўскае райпа, збанкрутаванае «Крычаўаўта» ды сельгаспрадпрыемства «Бель».

Што да мясцовых калгасаў, дык, на думку апазыцыянэраў, амаль усе яны на мяжы банкруцтва. Слушнасьць кампаніі ініцыятары пацьвярджаюць крытычнымі публікацыямі ў дзяржаўнай прэсе. У прыватнасьці, згадваецца матэрыял «Аздаравіць нельга банкрутаваць», які выйшаў у «Сельскай газеце» у верасьні 2016 году.

«Кіраўніцтвам раёну ня робіцца адэкватных і дзейсных захадаў у пытаньнях працаўладкаваньня грамадзян», — зазначаецца ў звароце да жыхароў раёну ў падпісным лісьце.

У віну Сысоеву выстаўляецца скарачэньне колькасьці камэрцыйных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў.

«Крычаўскі раён стаў некамфортным для пражываньня», — адзначаюць нязгодныя з палітыкай старшыні райвыканкаму, спасылаючыся на публікацыю ў газэце Магілёўскага аблвыканкаму «Магілёўскія ведамасьці», якая выйшла ўлетку 2015 году.

«Усё гэта — вынік неэфэктыўнай арганізацыі працы мясцовага райвыканкаму на чале са старшынём Васілём Сысоевым. Лічым неабходным вырашыць пытаньне пра мэтазгоднасьць яго далейшага знаходжаньня на пасадзе кіраўніка выканаўчай улады раёну ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам Беларусі», — рэзюмуюць ініцыятары кампаніі за адстаўку кіраўніка раёну.

На думку аглядальніка незалежнай крычаўскай газэты «Вольны горад» Арцёма Сямёнава, Васіль Сысоёў за пяць гадоў свайго старшыняваньня ў Крычаўскім райвыканкаме «ня здолеў стварыць каля сябе каманду, здольную адэкватна ацэньваць праблемы, што паўсталі перад эканомікай і сацыяльнай сфэрай.

«Больш за тое, — сьцьвярджае Сямёнаў, — чыноўнік і яго найбліжэйшае атачэньне ўсё ў большай ступені страчваюць рэальную сувязь з працоўнымі калектывамі і грамадзкасьцю раёну, дыскрэдытуюць уладу ў вачах насельніцтва».

Тым часам у звароце, апублікаваным на сайце Крычаўскага райвыканкаму, Васіль Сысоеў адзначае, што «раён пастаянна ўпарадкоўваецца і крочыць у нагу з часам».

«Прадукцыю прадпрыемстваў раёну добра ведаюць ня толькі ў розных кутках краіны, але і ў краінах блізкага і далёкага замежжа», — запэўнівае вэртыкальнік.

«У нашым раёне ёсьць усе умовы для разьвіцьця прадпрымальніцкай і інвэстыцыйнай дзейнасьці, адкрыцьця новых вытворчасьцяў. Унікальнае геаграфічнае разьмяшчэньне, блізкасьць да межаў Расейскай Фэдэрацыі дазваляюць зноў створаным прадпрыемствам канкурэнтныя перавагі на рынках краінаў, якія працуюць у адзінай эканамічнай прасторы.

Я шчыра веру ў будучыню нашага раёну, бо на крычаўскай зямлі жывуць працавітыя людзі, дзякуючы якім ён пераўтвараецца, набірае тэмпы і рухаецца наперад», — пераконвае ў сваім звароце кіраўнік Крычаўскага райвыканкаму Васіль Сысоеў.