У бабруйскую міліцыю прафсаюзную актывістку Галіну Сьмірнову запрасілі, каб вярнуць подпісы. Пра гэта актывістка паведаміла перад візытам у пастарунак.
Алега Жалнова, які пайшоў разам з паплечніцай, у аддзел міліцыі не пусьцілі. Ён мяркуе, што супраць Сьмірновай распачаты адміністрацыйны працэс.
Галіну Сьмірнову затрымалі ў Бабруйску 29 студзеня, калі яна зьбірала подпісы. Зь яе словаў, затрыманьне адбылося пасьля таго, як яна сустрэлася з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Віталём Уласевічам. Актывістка зьвярнулася да дэпутата з патрабаваньнем паспрыяць адмене дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».
Паводле актывісткі, дэпутат цікавіўся, у якіх месцах зьбіраюцца подпісы. Пасьля таго як Сьмірнова зь ім разьвіталася і прыйшла на гарадзкі рынак, туды адразу прыйшлі міліцыянты. Яе даставілі ў міліцыю і забралі падпісныя лісты.
Сьмірнова сказала, што падпісантам тэлефанавалі і казалі ім, што подпісы зьбіраюцца незаконна.