Ізраільскі дыплямат выступіў 30 студзеня ў кінатэатры «Радзіма» перад паказам дакумэнтальнага фільму «Галакост. Усходні фронт». Імпрэза была прымеркаваная да Міжнароднага дня памяці ахвяраў Галакосту, які адзначаецца 27 студзеня.
«Мы хацелі б падзякаваць беларускім уладам за дапамогу ў выкрыцьці акту вандалізму супраць помніка ахвярам Галакосту ў Магілёве, — сказаў Яакоў Аўрагамі. — Мы спадзяёмся, што пасьля жахаў, якія адбыліся ў дваццатым стагодзьдзі, больш не засталося месца нецярпімасьці».
Дыплямат выказаў спадзяваньне, што і ў Беларусі Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту «будзе прызнавацца Днём памяці і шырока асьвятляцца на грамадзкім і ўрадавым узроўні».
Адказваючы на пытаньне Свабоды, ці ўсьвядомілі беларусы маштаб трагедыі Галакосту, дыплямат сказаў:
«Я лічу, што калі гаварыць агулам ня толькі пра Беларусь, але пра любое месца ў Эўропе, то ці шмат людзей ведаюць пра трагедыю габрэяў? Натуральна, што людзі перш за ўсё думаюць пра сябе, а потым пра іншых. Гэта натуральна для ўсяго сьвету. Але я думаю, што тут мы маем справу з асаблівай сувязьзю, таму што мы былі на адным баку, змагаючыся з адным злом. Я ніколі не скажу, што „дастаткова“, таму што мы заўсёды маем што рабіць болей, каб расказаць новым пакаленьням пра тое, што здарылася. Мы павінны гаварыць новым пакаленьням, маладым людзям пра гэта і ніколі не забываць. У Ізраілі мы кажам, што мы ніколі не забудзем».
Як захоўваюцца помнікі прысутнасьці габрэяў у Беларусі, тутэйшая габрэйская спадчына?
«Урад Беларусі ў супрацоўніцтве з намі зрабіў шмат для зьберажэньня габрэйскіх могілак, — адказаў дыплямат. — Мы ведаем, што ў Беларусі ёсьць больш за 500 месцаў для ўшанаваньня таго, што габрэі тут зрабілі. Мяркую, што шмат працы ўжо зроблена, але мы заўжды хочам зрабіць болей».
Яакоў Аўрагамі ўсклаў вянок да апаганенага скінхэдамі памятнага знаку. Запаліў зьнічку ў памяць пра 10 тысяч габрэяў, забітых у Магілёве. Ва ўсёй Беларусі ахвярамі Галакосту сталі 800 тысяч чалавек.
Акт вандалізму здарыўся летась 19 лістапада. Міліцыя затрымала прадстаўнікоў ультраправага руху — скінгэдаў.
Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці Аксана Салянюк паведаміла, што справа, распачатая па факце вандалізму, перададзеная ў пракуратуру. Трох чалавек вінавацяць у злосным хуліганстве.
Бацькі абвінавачаных выбачыліся за ўчыненае дзецьмі. Яны выказалі гатоўнасьць пакрыць выдаткі, зьвязаныя з рэстаўрацыяй аблітага фарбай помніка.
Затрыманыя — 19-гадовы ініцыятар і тры ягоныя непаўналетнія саўдзельнікі, навучэнцы магілёўскіх каледжаў, адзначалася ў афіцыйным паведамленьні на сайце абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў. Падазраваныя падтрымліваюць ультраправыя ідэі нацызму, удзельнічаюць у руху магілёўскіх скінгэдаў.
«Выбар месца і аб’екта для цынічнай выхадкі плянаваліся загадзя. Каля месяца ўдзельнікі групы вывучалі мясцовыя славутасьці і памятныя для габрэяў мясьціны. Правядзеньне „акцыі“ было прымеркавана да сьвяткаваньня шабату», — паведаміла магілёўская міліцыя.
Памятны знак з высечанымі на ім далонямі магілёўскія габрэі ўсталявалі ў 2008 годзе там, дзе нацысты хацелі зрабіць уваход у гета. Сродкі на помнік зьбіралі грамадой.
Праз чатыры гады, у 2012 годзе, памятны знак аблілі карычневай фарбай першы раз. Тады зламысьнікам, паводле міліцыі, аказаўся бомж. Ён нібыта знайшоў слоік з фарбай, паставіў яго на памятны знак, каб паглядзець, што ўсярэдзіне, і фарба разьлілася.