Як паведамляе «Голас Амэрыкі», зьявіліся першыя міжнародныя водгукі на ўказ прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра часовую забарону на ўезд уцекачоў і грамадзян сямі краінаў зь пераважна мусульманскім насельніцтвам.
Указ забараняе ўезд у ЗША жыхароў Іраку, Сырыі, Ірану, Судану, Лібіі, Самалі і Емэну цягам 90 дзён. Трамп таксама ўвёў пастаянную забарону на прыём уцекачоў з Сырыі і 120-дзённую забарону на прыём усіх астатніх уцекачоў.
Прэзыдэнт ЗША заявіў, што ўезд у краіну павінен быць дазволены толькі людзям, якія падтрымліваюць ЗША. У прэзыдэнцкім указе згадваюцца працэдуры ідэнтыфікацыі і праверак, якія маюць ва ўсіх дэталях выконваць супрацоўнікі амэрыканскіх консульскіх службаў.
«Мы мусім зрабіць усё, каб не дапусьціць у краіну тыя самыя пагрозы, супраць якіх нашы салдаты змагаюцца за мяжой. Мы хочам пускаць да сябе толькі тых, хто будзе падтрымліваць нашу краіну і адчувае глыбокую любоў да нашага народу», — заявіў Трамп у час абвяшчэньня забароны.
Прадстаўнік канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель заявіў у нядзелю, што Мэркель «перакананая, што нават неабходная, рашучая барацьба з тэрарызмам не апраўдвае сытуацыі, калі пад агульным падазрэньнем аказваюцца людзі пэўнага паходжаньня або пэўнай рэлігіі».
Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо напісаў у Twitter пра стаўленьне ягонай краіны да ўцекачоў:
«Тыя, хто хаваецца ад перасьледаў, тэрору і вайны! Канадцы будуць вітаць вас незалежна ад вашай веры. Нашая сіла — у разнастайнасьці. Сардэчна запрашаем у Канаду».
Тым часам прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй апынулася пад градам крытыкі з боку брытанскіх палітыкаў за тое, што яна не асудзіла ўведзенай Трампам забароны, калі сустракалася ў Анкары з прэзыдэнтам Турэччыны.
«Адказнасьць за палітыку Злучаных Штатаў у пытаньні пра ўцекачоў нясуць Злучаныя Штаты, — сказала яна, выступаючы ў Турэччыне. — Адказнасьць за палітыку Злучанага Каралеўства ў пытаньні аб уцекачах нясе Злучанае Каралеўства».
Плянуецца, што Трамп наведае Вялікую Брытанію пазьней сёлета, аднак брытанская дэпутатка Сара Уолстан заявіла, што амэрыканскага лідэра ня варта запрашаць выступаць у парлямэнце.
«Тыя, хто хочуць падлізацца да яго», могуць зрабіць гэта ў іншым месцы, дадала яна. Тым часам пэтыцыя супраць прыезду Трампа ў Вялікую Брытанію набрала на сайце брытанскага парлямэнту 900 тысяч подпісаў.