26 студзеня на другой імпрэзе інтэлектуальнага клюбу «Сьвятлана Алексіевіч запрашае» пройдзе сустрэча зь вядомым расейскім палітолягам Станіславам Бялкоўскім. У якасьці мадэратара выступіць палітычны аглядальнік Радыё Свабода Юры Дракахруст.
Тэма паседжаньня — «Чацьвёртая сусьветная вайна. Апошні выхад для посткаляніяльнага сьвету».
Станіслаў Бялкоўскі — заснавальнік і дырэктар Інстытуту нацыянальнай стратэгіі, былы дырэктар Рады па нацыянальнай стратэгіі, палітычны тэхноляг і публіцыст. Бялкоўскі актыўна выступае за спыненьне вайны паміж Украінай і Расеяй. Аўтар дакладаў «Адзінота Пуціна», «Адзінота Пуціна — 2».
У 2004–2005 гадах пачаў актыўна выступаць супраць рэжыму Ўладзімера Пуціна, які лічыў карумпаваным і антыдэмакратычным. У 2006 годзе ўзяў удзел у нарадзе кааліцыі «Іншая Расея», дзе выступіў з прапановай байкатаваць выбары ў Дзяржаўную Думу. Пасьля пачатку збройнага канфлікту ў Паўднёвай Асэтыі абвясьціў пра канец Расеі як велічыні ў геапалітыцы.
У адным з інтэрвію Радыё Свабода Станіслаў Бялкоўскі казаў, што «Пуцін дамагаецца вялікай зьнешнепалітычнай перамогі на Ўкраіне».
Сустрэча адбудзецца 26 студзеня ў Галерэі TUT.BY. Уваход па запрашэньнях. Онлайн-трансьляцыя мае пачацца ў 19.00.
Your browser doesn’t support HTML5