Ад падтрымкі сэпаратыстаў на Данбасе да зьнявагі беларусаў. Магілёўскі сайт вінавацяць у экстрэмізьме

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік дамагаецца, каб Міністэрства інфармацыі праверыла на наяўнасьць экстрэмізму сайт mogilev.by. Праваабаронца чакае, што адміністратараў сайту прыцягнуць да адказнасьці за абразу беларускай мовы і беларусаў. Зварот у Міністэрства інфармацыі актывіст даслаў, і яму адпісалі, што названыя ім публікацыі пройдуць адпаведную экспэртызу.

Леанід Сьвецік адзначае, што зьвярнуў увагу на сайт, калі ў Віцебску гараджане баранілі парк ад высяканьня. На месцы парку зьбіраліся будаваць праваслаўную царкву. Пасьля пратэстаў будоўлю так і не пачалі.

«Былі сярод тых, хто адстойваў узьвядзеньне царквы, радыкальныя праваслаўныя актывісты, якім пратэст быў не даспадобы, і яны абражалі тых, хто бараніў парк. Гэта рабілася публічна праз сайт mogilev.by. Зьявілася некалькі публікацыяў — як на маю думку, зьняважлівых — пра абаронцаў парку. У апошняй публікацыі ўжо зьневажалася беларуская мова і беларусы», — сказаў Леанід Сьвецік.

Ліст у Міністэрства інфармацыі суразмоўца даслаў электроннай поштай. У ім прасіў разабрацца з публікацыямі, якія зьневажаюць мову беларусаў і беларускую нацыю. Чыноўнікі ліст разгледзелі і пастанавілі дзеля экспэртызы прыцягнуць спэцыялістаў.

«На публікацыі зьняважлівага характару Міністэрства інфармацыі мусіць рэагаваць. Сама меней я чакаю папярэджаньня. Гэты сайт знаходзіцца ў зоне by, і за чысьціню гэтай зоны адказвае Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Калі ніякай рэакцыі ня будзе, то я наагул тады ня ведаю, што рабіць. Як па мне, такія публікацыі без увагі і належнай ацэнкі пакідаць нельга. Зьдзіўляе мяне, што магілёўскія актывісты раней за нас, віцебскіх, не адрэагавалі на такія публікацыі. Іх там нямала», — кажа Леанід Сьвецік.

Беларусафобскія публікацыі на сайце mogilev.by разьмяшчаюцца ў разьдзеле «Беларусь». У большасьці зь іх даецца ацэнка матэрыялаў, якія ўжо публікаваліся ў незалежных беларускіх мэдыях.

Пазнавальны знак на банэры сайту — герб Магілёва з Пагоняю.

Свабода зьвяртала ўвагу на публікацыі сайту яшчэ ў 2014 годзе.

«Магілёўскі гарадзкі сайт, які належыць мясцовай філіі «Белтэлекама», апошнім часам актыўна рэтрансьлюе пазыцыю данецкіх сэпаратыстаў і лідэра прарасейскіх дывэрсантаў у Данбасе Ігара Стралкова. Беларускі дзяржаўны сайт называе ўкраінскія ўлады «хунтай», а саміх украінцаў — «украмі», — гаварылася ў публікацыі.

Навіны пра сытуацыю на Данбасе магілёўскі сайт падаваў ад імя тагачаснага лідэра сэпаратыстаў Ігара Гіркіна.

Кіраўніцтва магілёўскай філіі Белтэлекаму ўсяляк ухілялася ад камэнтароў наконт таго, пра што піша сайт і хто яго адмініструе. Створаны ён быў у 2002 годзе, адміністратарам дамэннага імя значылася Магілёўская філія РУП «Белтэлекам».