Міністэрства інфармацыі Беларусі прыняло рашэньне пра абмежаваньне доступу да інфармацыйнага рэсурсу sputnikipogrom.com.
«Падставай паслужыла рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску аб прызнаньні экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйнай прадукцыі, разьмешчанай на інфармацыйным рэсурсе sputnikipogrom.com», — паведамляе сайт Міністэрства інфармацыі.
Гэтае рашэньне суду было прынятае з улікам экспэртнага заключэньня Рэспубліканскай экспэртнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі, удакладняюць у ведамстве.
«У шэрагу матэрыялаў, апублікаваных на рэсурсе, зьмяшчаюцца прыкметы праяў экстрэмізму ў частцы інфармацыі, накіраванай на распальваньне нацыянальнай варожасьці, прапаганду перавагі альбо непаўнавартасьці, на падставе іх нацыянальнай або моўнай прыналежнасьці, а таксама гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь», — адзначаецца ў паведамленьні міністэрства.
«Спутник и погром» — інфармацыйны рэсурс расейскіх нацыяналістаў. Актыўна падтрымлівае «ДНР-ЛНР», а таксама дзейнасьць Ігара Стралкова-Гіркіна. Выступаюць за аднаўленьне Расейскай імпэрыі.